Помнік Тадэвушу Касцюшку ў Івацэвіцкім раёне ўсталююць 12 траўня
Помнік Тадэвушу Касцюшку ў Івацэвіцкім раёне ўсталююць 12 траўня. Урачыстае адкрыццё пачнецца а 12-й гадзіне. Пра гэта паведаміў грамадскі дзеяч і журналіст Глеб Лабадзенка. Помнік з’явіцца побач з адноўленай сядзібай знакамітага земляка ў Марачоўшчыне каля Косава. Ён яшчэ мусіў з’явіцца ў лютым сёлета, але ўсталяванне пераносілася з-за ўмоў надвор’я.
Збор сродкаў на помнік Касцюшку адбываўся з дапамогай краўдфандынгу. Улады далі ўсе неабходныя дазволы на ўсталяванне.
Тадэвуш Касцюшка (1746 — 1817) — нацыянальны герой Беларусі, Польшчы і ЗША. Быў кіраўніком вызваленчага паўстання 1794 года ў Рэчы Паспалітай, удзельнічаў у Вайне за незалежнасць Злучаных Штатаў. У Беларусі памяць Касцюшкі ўшанаваная бюстамі на тэрыторыі амерыканскай амбасады ў Мінску ды ў вёсцы Малыя Сяхновічы Жабінкаўскага раёна, дзе таксама была сядзіба Касцюшкаў. Таму помнік Тадэвушу Касцюшку ў Марачоўшчыне будзе першым у Беларусі.