Пра з’яўленне ў Беларусі чужых самалётаў беларусы даведваюцца з Масквы
Мінабароны Беларусі альбо адмаўляецца каментаваць навіны з Усходу, альбо само нічога не ведае.
“Інфармацыя аб гэтым размешчаная ў адпаведнай заяве прадстаўнікоў Расійскай Федэрацыі. Дадатковых каментарыяў няма”, — расказваюць Еўрарадыё ў прэс-службе Мінабароны пра візіт прадстаўнікоў Ваенна-паветраных сіл Расіі у Беларусь.
Адсутнасць каментарыяў тлумачыцца проста — суседзі прыехалі зусім не на шашлыкі. Шукаюць месца пад будучую авіябазу. У беларускім Міністэрстве абароны нават не кажуць, якія гарады наведаюць госці, пра падрабязнасці застаецца толькі здагадвацца.
Прычым, маўчаць не толькі шараговыя супрацоўнікі міністэрства, а нават і сам міністр Жадобін. У канцы траўня Еўрарадыё датэлефанавалася на прамую лінію да міністра. З іншага боку слухаўкі на пытанне пра расійскую авіябазу данеслася амаль тое самае:
“Вы пачулі гэта з першых вуснаў. Інфармацыя прайшла ў СМІ. Каментаваць я больш проста не буду”.
Вось што, для параўнання, пра расійскую авіябазу ў Беларусі, гаворыць расійскі міністр абароны:
“Мы пачынаем разгляд плана па стварэнні тут (У Беларусі. — Еўрарадыё) расійскай авіяцыйнай базы з самалётамі-знішчальнікамі, спадзяемся, што ў 2015 годзе тут з'явіцца авіяцыйны полк. У 2013 годзе мы створым авіяцыйную камендатуру і паставім першае дзяжурнае звяно баявых знішчальнікаў”.
Выглядае на тое, што калі б не расійскі міністр Шайгу, беларусы пра гэта маглі б увогуле не даведацца. Вайсковы эксперт Аляксандр Алесін мяркуе, што беларускаму Мінабароны проста сорамна гаварыць пра расійскія самалёты на беларускай зямлі.
А вось Крэмль наадварот не можа не пахваліцца ўсяму свету новымі геапалітычнымі дасягненнямі. Таму беларусам, як заўсёды, трэба сачыць за навінамі з Масквы. Іначай можна нешта цікавае прапусціць.