Працаваць 4 гадзіны на тыдзень — і не трапіць у дармаеды?

Дэкрэт №3 фармальна патрабуе працаваць больш за 183 дні, але працаваць можна па-рознаму. Грамадзянін з’яўляецца “ўдзельнікам дзяржаўнага фінансавання” незалежна ад таго, працуе ён поўны дзень, на палову стаўкі ці нават на 0,1 стаўкі. Галоўнае, каб працоўная кніжка была задзейнічаная.

Ці можа рабочы працаваць 4 гадзіны на тыдзень па дамове паміж працаўніком і наймальнікам і не быць плацельшчыкам збору?

У прэс-службе Міністэрства працы і сацыяльнай аховы кажуць, што можа: велічыня працоўнай стаўкі ніякім чынам не ўплывае на статус. Калі чалавек працуе — ён ужо не дармаед.

“Грамадзянін прызнаецца ўдзельнікам фінансавання дзяржаўных выдаткаў у перыяд работы па працоўнай дамове (кантракце). То бок тут не сказана ні пра велічыню стаўкі, ні пра велічыню максімальных і мінімальных заробкаў”, — тлумачаць Еўрарадыё ў міністэрстве.

Яшчэ адным спосабам пазбаўлення статусу “дармаед” можа быць афіцыйны догляд інваліда першай групы ці старога чалавека, якому больш за 80 гадоў. Калі за гэта дзяржава выплачвае фінансавую дапамогу, гэта афіцыйна ператварае чалавека ва ўдзельніка дзяржаўнага фінансавання.

Да слова, фінансавая дапамога прызначаецца ў памеры 100%, а пры ажыццяўленні адначасовага догляду двух і больш непрацаздольных грамадзянаў — у памеры 120% найбольшай велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва. На дадзены момант гэта 1 428 100 рублёў.

Супрацоўніца Фонду сацыяльнай аховы насельніцтва Кастрычніцкага раёна Мінска кажа, што для атрымання гэтай дапамогі трэба не прымаць ніякіх іншых выплат (не працаваць, не быць ІП, не стаяць на ўліку ў цэнтры занятасці, не быць студэнтам), не быць пенсіянерам і не атрымліваць выплат ад “Белдзяржстраха”.

“Але гэтая работа не ўвойдзе ў страхавы стаж. Яна залічыцца толькі ў агульны стаж. Бо ў страхавы стаж уваходзяць толькі тыя месяцы, калі выплачваліся страхавая ўнёскі. А страхавыя ўнёскі з гэтай фінансавай дапамогі не выплачваюцца”, кажуць у Кастрычніцкім ФСАН.

Фота: rapidzona.com, doktorland.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі