Прадаваць у Расію беларускай мацарэлы сталі больш, а зарабляць — менш
Экспарт сельскагаспадарчай прадукцыі ў Расію павысіўся, але Беларусь згубіла 160 мільёнаў долараў з-за падзення расійскага рубля.
“Дзякуючы дэвальвацыі расійскага рубля, мы недабралі амаль 160 мільёнаў долараў. Аб’ёмы паставак выраслі, а ў доларавым вымярэнні мы страцілі”, — паведамляе міністр сельскай гаспадаркі Леанід Заяц.
Пастаўкі сыроў выраслі найбольш — 145% у параўнанні з мінулым годам, малака — на 112%. Добра бяруць беларускую мацарэлу і пармезан, удакладняе міністр сельскай гаспадаркі. Замяняюць італьянскія сыры, якія ў Расію нельга завозіць з-за ўведзенага эмбарга.
Да 40% больш сыроў пачаў прадаваць у Расію Тураўскі малочны камбінат, які вырабляе мацарэлу і маскарпонэ.
“Павялічыўся попыт на расійскім рынку, адпаведна, выраслі пастаўкі. Але выкрасліць нейкі адзін прадукт складана, гэта па ўсёй прадукцыі”, — кажуць на камбінаце.
Але дадаюць, што з-за паніжэння расійскага рубля адносна долара прыбытку не адчулі.
На 18% больш малака прадае ў Расію Маладзечанскі малочны камбінат. Але зарабляе на гэтым менш, чым летась.
“Рост ёсць, але эканоміка ідзе ў мінус”, — ацэньваюць на прадпрыемстве.
Расіяне сталі з’ядаць больш гомельскай каўбасы.
“Рэалізацыя ажывілася па гатовай прадукцыі”, — каротка адказваюць на Гомельскім мясакамбінаце.
З-за падзення расійскага рубля будзе развівацца мясцовая вытворчасць, адразу кажа эканаміст Леанід Заіка. На яго думку, беларуская прадукцыя ў Расіі з-за дэвальвацыі становіцца даражэйшай.
“Дэвальвацыя расійскага рубля спрыяе паляпшэнню пазіцый расійскіх вытворцаў. І беларуская прадукцыя там становіцца даражэйшай. А расіянам цяпер выгадна паляпшаць пазіцыі свайго рубля. Нам у такой сітуацыя трэба думаць, што рабіць далей”, — выказваецца Леанід Заіка.
Экспарт марской рыбы з Беларусі ў Расію таксама вырас. Як і імпарт у Беларусь: за 9 месяцаў яе прывезлі на 840 тон больш.
Фота: wordpress.com