Прадстаўніка Беларусі на "Еўрабачанні" абяруць два склады “сакрэтнага” журы

У палажэнне нацыянальнага адбору прадстаўніка Беларусі на “Еўрабачанні-2015” унесеныя змены.

Гэтым разам абіраць удзельніка Беларусі на "Еўрабачанні-2015" будуць два склады журы: адзін — падчас папярэдняга праслухоўвання ўсіх, хто падаў заяўкі, другі — непасрэдна на фінале праекта. Адпаведныя змены ў правядзенні адбору ўнесеныя сёлета. Як і раней, журы фармуецца са спецыялістаў у сферы культуры, мастацтва і тэлебачання. Праўда, сёлета ў палажэнні прапісана, што “імёны ўдзельнікаў журы для ацэнкі фіналістаў не агучваюцца да пачатку тэлетрансляцыі ў жывым эфіры. З удзельнікамі журы заключацца пагадненне пра прыватнасць і не агучванне інфармацыі”.

Збор заявак ад жадаючых трапіць на конкурс завяршыўся 21 лістапада.

“Мы прымаем заяўкі па пошце. Калі паштовы штамп датаваны 21 лістапада, заяўка прымаецца да разгляду, — распавядае кіраўнік прэс-службы Белтэлерадыёкампаніі Святлана Смалонская-Краскоўская пра колькасць пададзеных заявак. — Таму пакуль рана казаць пра канчатковую колькаць, але на сёння іх некалькі дзясяткаў. З імёнаў, якія на слыху: Tasha Odi, гурт Napoli, Юзары, Жанэт, некалькі выканаўцаў прадзюсарскага цэнтра “Спамаш”, трыа “Инжир” ды гурт Misters”.

Ці падалі заяўкі былыя прадстаўнікі Беларусі на конкурсе “Еўрабачанне”, пакуль не вядома. Магчыма, іх заяўкі яшчэ не дайшлі, бо традыцыйна выканаўцы дасылаюць свае песні поштай і менавіта ў апошні дзень.

“Я не хаваю, што сёлета вельмі шмат людзей хацелі, каб я падала заяўку на ўдзел у конкурсе, — каментуе заслужаная артыстка Беларусі ды фіналістка “Еўрабачання-2013Алёна Ланская. — Але пакуль я не хачу казаць, падала ці не! Пацярпіце некалькі дзён і ўсё даведаецеся”.

А вось асноўныя канкурэнты Алёны падчас нацыянальных адбораў, гурт Litesound, наадварот не хавае свайго нежадання яшчэ раз удзельнічаць у конкурсе. Маўляў, і само "Еўрабачанне", і адбор на яго ўжо не тыя!

“Няма такога ажыятажу, азарту, як было некалькі гадоў таму, — з сумам кажа фронтмэн гурта-ўдзельніка “Еўрабачання-2012 Зміцер Каракін. — Усё менш і менш раскручаныя ды дасведчаныя беларускія артысты ўдзельнічаюць у нацыянальным адборы і ўсё больш з’яўляецца навічкоў. Таму, як стартавая пляцоўка, як было раней, адбор наўрад ці спрацуе. Раз няма вядомых выканаўцаў, то і цікавасць публікі да конкурсу памяншаецца. Вось і ў мяне, і ў майго атачэння неяк цікавасці да "Еўрабачання" няма, таму мы не падаваліся”.

Нагадаем, пераможца “Еўрабачання-2009Аляксандр Рыбак сёлета таксама планаваў скарыць еўрапейскі песенны конкурс, але ўжо ў якасці прадзюсара. Адмыслова для гэтага напрыканцы кастрычніка спявак праводзіў кастынг, па выніках якога сабраў гёрлз-бэнд з пяці прадстаўніц розных беларускіх гарадоў. Але ці паспелі яны запісаць песню ды скласці заяўку, пакуль не вядома.

У залежнасці ад выніковай колькасці жадаючых выступіць на “Еўрабачанні-2015” першае праслухоўванне пройдзе ў адзін ці два дні, але не пазней за 5 снежня. Фінал адбору мусіць адбыцца не пазней за 25 студзеня 2015 года. Абіраць пераможцу будзе прафесійнае журы разам з гледачамі.

Фінал “Еўрабачання-2015” пройдзе ў Аўстрыі 23 траўня. Два паўфіналы, у адным з якіх і возьме ўдзел прадстаўнік Беларусі, запланаваныя на 19 і 21 траўня.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі