Праезд у Мінску падаражэе да 4 тысяч да канца наступнага тыдня

Пра хуткае падаражанне талончыка віцэ-прэм’ер Анатоль Калінін казаў яшчэ некалькі месяцаў таму. Маўляў, дакумент знаходзіцца на распрацоўцы.

У Мінэканомікі Еўрарадыё пацвярджаюць: цана адной паездкі і праязныя ў сталіцы падаражэюць.

“З вялікай верагоднасцю можам сказаць, што транспарт падаражэе ў канцы наступнага тыдня. Можна даць 75%. Таксама падаражэе праезд і ў рэгіёнах, але яшчэ не ўсе выканкамы падалі дакументы”, — кажуць у прэс-службе Мінэканомікі.

Пры гэтым, ў Мінскай вобласці, праезд  падаражэе ўжо з 2 жніўня! Цяпер талончык будзе каштаваць 3500 рублёў, 4000 рублёў у вадзіцеля.  

Апошні раз праезд у гарадскім транспарце даражэў у красавіку. Гэта адбылося паралельна з увядзеннем новай сістэмы аплаты праезду. Напярэдадні ля кіёскаў “Мінсктранса” ды мінскага метрапалітэна ствараліся даўжэзныя чэргі. У сталічным метро чэргі па праязныя па старых цэнах былі да поўначы.

“Мінсктранс” падлічвае працэнт пакрыцця выдаткаў насельніцтвам за праезд. І аказваецца, што пасля красавіцкага падаражання акупляльнасць не большая за 50%!

“За чатыры месяцы акупляльнасць гарадскога транспарту складае 47,1%, пару месяцаў таму было яшчэ меней. Летась акупляльнасць была 33,1%. З метро сітуацыя трохі лепшая — акупляецца прыкладна на 54%”, — кажуць Еўрарадыё ў “Мінсктрансе”.

Няцяжка падлічыць: каб транспарт акупляўся, квіток павінен каштаваць 8200 рублёў! Раней чыноўнікі называлі лічбу ў 5-6 тысяч рублёў за талончык. Талончык у кіроўцы падаражэе з 4000 да 4500 тысяч, у кіёску “Мінсктранса” будзе каштаваць 4000 рублёў. Атрымліваецца,  акупляльнасць транспарту амаль не вырасце! Тым больш што на 5% даражэла паліва, якое ўваходзіць у сабекошт праезду. Зараз талончык будзе каштаваць амаль як паўлітра паліва! 

Для параўнання, акупляльнасць талончыка ў Кіеве таксама каля 50%. Аднак талончык там даражэў апошні раз у 2008 годзе.

“У нас квіток каштуе 1,5 грыўні, на метро — 2 грыўні (каля 1200-1670 рублёў адпаведна — Еўрарадыё). Мы Мінску зайздросцім! Падаем паперы на падаражанне некалькі раз на год, але нам адмаўляюць. Збіраліся павысіць тарыф з новага года да 3 грыўняў, але праз нашу палітычную сітуацыю ніхто не наважыўся на гэта!” — кажуць Еўрарадыё ў планава-эканамічным аддзеле “Кіеўпастранса”.

Што зусім неверагодна, у Баранавічах акупляльнасць праезду яшчэ з улікам красавіцкага падаражання была амаль 100% пры цане талончыка 3200 за штуку! Што будзе пасля падаражання там? Выйдуць у плюс?

У канцы 2012 года на сярэдні заробак мінчука можна было набыць 3193 талонаў на праезд. З улікам красавіцкага падаражання на чэрвеньскі заробак у 2014 годзе мінчук мог набыць 2219 талонаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі