Пракаповіч: Маладых перспектыўных чыноўнікаў не хапае з-за нізкага заробку
Пра гэта віцэ-прэм'ер Пётр Пракаповіч паведаміў у гутарцы з карэспандэнткай Еўрарадыё.
Еўрарадыё: Чаму ў нас многія міністры — пажылыя ўжо людзі, уключаючы вас і Міхаіла Мясніковіча? Ёсць жа гранічны ўзрост — ці не час абнавіць кабінет міністраў?
Пракаповіч: У нас вельмі маладыя кадры. Скажу, што сярэдні ўзрост тых упраўленняў, якія я курырую, — 31 год! У нас ёсць кіраўнікі па 30-35 гадоў, міністрам па 45. Гэта пытанне такое — як чалавек гатовы. Залежыць ад яго магчымасцяў і здольнасцяў.
Еўрарадыё: Дык што, не хапае маладых і перспектыўных?
Пракаповіч: Іх проста няма! Вельмі мала! Калі гаварыць пра кадравую палітыку — наадварот, у нас напрамак, каб былі маладыя паўсюль. Але пытанне пра высокакваліфікаваныя кадры. Нельга паставіць міністрам адразу пасля ВНУ, каб ён сядзеў і нічога ў гэтай сферы не ведаў. Каб стаць міністрам у адукацыі, трэба папрацаваць дырэктарам школы. Гэта вялікая адказнасць. Трэба даказаць, што ты лепшы за іншых. І другое пытанне — заробак. Многія хочуць пайсці ў камерцыйную структуру, бо там большыя заробкі.
Еўрарадыё: І ўсё ж, ці не час ужо абнавіць кабінет міністраў?
Пракаповіч: Гранічны ўзрост — 65 гадоў. З вярхоў толькі я такога ўзросту, а Мясніковічу 62 ці 63 гады. Я не сыходжу, бо пакуль спраўляюся. Калі не буду спраўляцца — адразу адправяць.
Фота — bymedia.net