Пракурор патрабуе 6 месяцаў арышту для ўдзельніка "трактарнага канфлікту"

Нагадаем, што канфлікт адбыўся 9 траўня 2014 года ў вёсцы Страдзеч. ДАІ хацела канфіскаваць самаробны трактар вяскоўца. Па версіі даішнікаў, мужчына ездзіў на сваім трактары без рэгістрацыйных нумароў па дарозе. Сам уладальнік Аляксандр Бяльчук кажа, што трактар выкарыстоўваўся толькі на прыватным падворку.

На абарону вяскоўца з'явіліся сваякі і знаёмыя. Паводле службовай экспертызы, брат уладальніка трактара нанёс інспектару ДАІ "адзін удар у вобласць правага вока і носа", а таксама пракусіў кісць правай рукі.

Міліцыянты з'ехалі без трактара, а на двух братоў Бельчукоў пачалі крымінальную справу. За гвалт супраць міліцыянты Крымінальны кодэкс прадугледжвае да 6 гадоў турмы.

У лістападзе 2014 года пачаўся суд па гэтай справе. На пасяджэнні 10 студзеня пракурор запатрабаваў для Александра Бельчука 6 месяцаў арышту. У каментары Еўрарадыё сам абвінавачаны прызнаецца, што вельмі здзіўлены:

Бяльчук: "Тое, што абвінаваўца запатрабаваў 6 месяцаў, гэта яшчэ добра з іх боку. Мне ўвесь час казалі пра 6 год! Участковыя ўсім людзям распавядалі: "Гэтыя хлопцы сабе зарабілі на 6 год". Таму я лічу, што 6 месяцаў — гэта яшчэ нармальна. Абвінаваўца яшчэ мякка паступіў".

Тым не менш падчас свайго апошняга слова Бяльчук віну не прызнаў, бо не бачыць складу злачынства. Усю справу ён лічыць сфабрыкаванай супрацоўнікамі міліцыі.

Суддзя прызначыў апошняе паседжанне на 12 студзеня. На ім будзе абвешчаны прысуд.

Крымінальная справа на другога ўдзельніка канфлікту, брата Мікалая, вылучаная ў асобны працэс.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі