Прамяняць Італію на Беларусь: чым Гомель прывабіў турынца?

Еўрарадыё: Энрыка, як так стала, што вы заняліся бізнесам у Гомелі і пераехалі сюды жыць?

Энрыка Пападзіа: Я пазнаёміўся з Беларуссю праз хлопчыкаў і дзяўчынак, якія прыязджалі ў Італію па праграме аздараўлення дзяцей, пацярпелых ад чарнобыльскай катастрофы. У мяне таксама гасціла дзіця з Гомеля. Праз гэтых дзяцей я ўлюбіўся ў Беларусь і захацеў больш даведацца пра патэнцыял вашай краіны і гэтага горада, таму вырашыў паспрабаваць пабудаваць свой бізнес у вас. І вось ужо сем гадоў жыву і працую ў Гомелі.

Еўрарадыё: Чаму вы вырашылі адкрыць менавіта марожаніцу?

Энрыка Пападзіа: У вас смачныя натуральныя малочныя прадукты. Але чамусьці няма кавярні, якая б сама рабіла з гэтых прадуктаў марожанае, — усе кавярні закупляюць марожанае на фабрыцы. “La Gioconda” — гэта першая кавярня ў горадзе, дзе марожанае вырабляецца на месцы. Мы выкарыстоўваем вашы прадукты, але гатуем па італьянскай тэхналогіі.

Еўрарадыё: Наколькі прыбытковы ваш бізнес? Здавалася б, беларусы не ядуць так шмат марожанага, як італьянцы.

Энрыка Пападзіа: Так, у Беларусі марожанае ядуць нашмат менш, чым у Італіі. Таму ў нас у меню ёсць і закускі, і гарачыя стравы, і піца, і дэсерты. Дарэчы, мы самі таксама пячэм хлеб. У нас нават слоган ёсць: “Ваша мука — мая рука”.

Еўрарадыё: Няўжо вы самі гатуеце ў кавярні?

Энрыка Пападзіа: Меню рыхтуюць беларускія кухары і кандытары. Яны атрымалі неабходныя навыкі італьянскай кухні ад шэф-повара, якім з'яўляюся асабіста я. Сам на кухні знаходжуся рэдка, бо шмат часу займаюць працоўныя пытанні. Гатую, калі маю кавярню наведваюць вядомыя госці, а таксама для сяброў і блізкіх людзей.

Еўрарадыё: З якімі праблемамі вы сутыкнуліся пры стварэнні свайго бізнесу ў Беларусі?

Энрыка Пападзіа: Па-першае, мова. Але гэтая праблема хутка вырашылася — я знайшоў людзей, якія ведаюць італьянскую і дапамагаюць мне з перакладам. Па-другое, вашы законы, якіх я не ведаў. Мне давялося іх вывучаць, навучыцца разумець, для таго, каб усё рабіць правільна. У законах няма нічога дзіўнага. Проста трэба навучыцца ў іх разбірацца.

Еўрарадыё: Як вам падаецца, наколькі спрыяльны бізнес-клімат на Гомельшчыне?

Энрыка Пападзіа: Насамрэч, тут ёсць нядрэнныя перспектывы для бізнесу. У ваш рэгіён можна і трэба ўкладваць грошы, інвеставаць. Напрыклад, 31 ліпеня па маёй ініцыятыве былі падпісаныя дакументы аб наданні статусу гарадоў-пабрацімаў італьянскаму Брындызі і беларускаму Мазыру. Гэты крок дае вялікія магчымасці для бізнес-інвестыцый у Мазыр.

Еўрарадыё: Калі вашы знаёмыя італьянцы пытаюцца ў Вас пра Беларусь, што вы ім распавядаеце?

Энрыка Пападзіа: Я заўсёды кажу добра пра Беларусь. Тут больш спакойнае жыццё, чым у нас, што мне падабаецца. А вы, на самой справе, цудоўная нацыя. Беларусы падобныя да італьянцаў: працавітыя, ветлівыя, выхаваныя. Проста добрыя людзі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі