"Прапануюць перайсці з ІП у статус юрасобы": новыя "фокусы" ад падатковай?

Рассылка ад падатковай — фэйк? / unsplash.com
Рассылка ад падатковай — фэйк? / unsplash.com

"Ёсць інфармацыя, што Мінгарвыканкам прыпыніў рэгістрацыю ІП да 1 студзеня 2022 года, а ў Мінску індывідуальным прадпрымальнікам актыўна рассылаюць лісты з падатковай. Прапануюць перайсці з ІП у статус юрыдычнай асобы", — такое паведамленне з'явілася ў адным з інсайдарскіх тг-каналаў 14 верасня.

— З 17 жніўня ў сувязі з тэхнічнымі прычынамі часова прыпыненая рэгістрацыя індывідуальных прадпрымальнікаў. Як толькі адновіцца — натуральна, інфармацыя пра аднаўленне будзе апублікаваная на нашым сайце, — так каментуюць сітуацыю ва ўпраўленні рэгістрацыі і ліцэнзавання галоўнага ўпраўлення юстыцыі Мінгарвыканкама, не ўдакладняючы пры гэтым дату аднаўлення прыёму дакументаў на рэгістрацыю ІП. Маўляў, як толькі, дык адразу.

Па словах вядучага спецыяліста аддзела рэгістрацыі, хвалявацца пра тое, што знікне такая форма дзейнасці, як ІП, не варта.

— Людзі ўжо занадта гэта раздуваюць. Вядома, я разумею, што ўсім працаваць трэба, і калі ўзнікаюць нейкія тэхнічныя моманты, то гэта напружвае ўсіх. Усё гэта перыядычна ўзнікае ў нейкіх органах: напрыклад, тэхнічныя збоі ў ДАІ. Адпаведна, у нас цяпер таксама такія складаныя моманты.

А што наконт рассылкі іпэшнікам ад падатковай з прапановай рэгістравацца ў якасці юрыдычных асоб?

— Я не магу даваць ацэнку, праўда гэта ці не, але мы такога не ажыццяўляем, — кажа намесніца начальніка падатковай інспекцыі па Мінску Вольга Тарасевіч.

А калі прапановы пра пераход на юрасобу ўсё-ткі ёсць, але яны яшчэ не носяць масавага характару? У чаце тг-канала карыстальнікі пішуць, што рассылка ад падатковай можа быць для таго, каб паменшыць ведамству працу па прымусовым пераводзе ІП у юрыдычную асобу. Дый сама змена статусу індывідуальнага прадпрымальніка, маўляў, не самы лепшы варыянт, таму што гэта будзе ўжо іншы ўзровень кантролю і зусім іншыя падаткі.

Калі вам што-небудзь вядома пра такую рассылку, Вы можаце ананімна паведаміць пра гэта нам у тэлеграм-канал Еўрарадыё.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі