Пратэсты супраць першага пасяджэння парламента рыхтуюцца ў Грузіі
Акцыя пратэсту ў Тбілісі
У панядзелак, 25 лістапада, павінна адбыцца першае пасяджэнне новаабранага парламента Грузіі. Гэта абвясціла кіруючая партыя "Грузінская мара", якая афіцыйна атрымала амаль 54% галасоў у новым парламенце.
Тым часам у Тбілісі каля будынка парламента з вечара 24 лістапада адбываецца масавая акцыя пратэсту, паведамляе jam-news.net. Перад парламентам стаяць намёты, Частка ўдзельнікаў пратэсту правялі ноч тут, зранку да іх дадаюцца новыя. Да пратэсту плануюць далучыцца студэнты Тбіліскага ўніверсітэта.
На прылеглай плошчы Свабоды сабраліся сотні супрацоўнікаў паліцыі. Сюды ж прыгналі спецтэхніку, у тым ліку вадамёты, нядаўна набытыя МУС.
Прэзідэнтка Саламэ Зурабішвілі ў сацсетках пералічыла прычыны, чаму гэтае пасяджэнне парламента з'яўляецца неканстытуцыйным:
"1. Масавая фальсіфікацыя выбараў зрабіла іх нелегітымнымі;
2. Я як прэзідэнт адмовілася склікаць першую сесію, а Канстытуцыя не прызнае нікога, хто можа зрабіць гэта замест мяне;
3. Мой пазоў знаходзіцца на разглядзе ў Канстытуцыйным судзе".
У нядзелю сотні ўдзельніц жаночага маршу звалілі гару валізак каля рэзідэнцыі ганаровага старшыні кіруючай "Грузінскай мары" алігарха Бідзіны Іванішвілі ў Тбілісі. Марш праходзіў пад дэвізам: "Ты едзь, а мы застанемся!". Удзельніцы акцыі заявілі, што "Грузінская мара" давяла краіну да масавай эміграцыі. "Хай збірае рэчы і звальвае ў сваю Расію!" — скандавалі пратэстоўцы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.