Вуліца і ўніверсітэт: у Грузіі зноў набіраюць абароты пратэсты

Тбілісі, 18 лістапада 2024 года / Давід Піпія

Тбілісі, 18 лістапада 2024 года / Давід Піпія / JAMnews

У Тбілісі разагналі акцыю пратэсту, якая другія суткі блакавала праспект Чаўчавадзэ — ён быў заняты намётамі актывістаў, не згодных з вынікамі выбараў. Спантанныя акцыі сталі кругласутачнымі пасля таго, як да апазіцыі далучыліся студэнты. На фоне пратэсту прэзідэнтка Грузіі звяртаецца ў Канстытуцыйны суд праз парушэнне таямніцы галасавання, а таксама прапануе сістэмны падыход для выхаду з крызісу. Расказваем, што адбываецца ў Грузіі праз тры тыдні пасля парламенцкіх выбараў.

Беларускі флэшбэк з 2006-га 

Спецназ з'явіўся на вуліцах Тбілісі ўранку 19 лістапада. Людзей адціснулі з праезнай часткі, але яны па-ранейшаму застаюцца на ходніках. Паведамляецца пра 16 затрыманых, вядома як мінімум пра дваіх пацярпелых, яны шпіталізаваныя. Апазіцыя кажа пра пераход да "мабільных пратэстаў" — мяркуючы з усяго, гэта азначае спантаннае пікетаванне ў розных раёнах горада, тактыка, якую нельга было назваць паспяховай падчас папярэдніх акцый.

У сацсетках кажуць, што да парадзелай за ноч акцыі цяпер дадаюцца новыя ўдзельнікі, абураныя кадрамі разгону. Падключэнне да палітычных патрабаванняў студэнтаў і моладзі можа азначаць актывізацыю пратэстаў. Так, напрыклад, было ў сакавіку 2023 года, калі грузінскаму грамадству ўдалося настаяць на адкліканні закона аб замежных агентах: выступы, якія доўга не прыносілі значных вынікаў, успыхнулі з новай сілай пасля таго, як на вуліцы выйшлі студэнты і школьнікі.

Улица и университет: в Грузии снова набирают оборот протесты
Намётавы гарадок у цэнтры Тбілісі / Мака Цнобіладзэ / JAMnews

Увечары ў нядзелю пратэстоўцы заблакавалі тэрыторыю адміністрацыйнага корпуса Тбіліскага дзяржаўнага ўніверсітэта ў цэнтры горада. І хоць сталіца Грузіі даўно прывыкла да разнастайных выступленняў, маштабу падрыхтоўкі здзівіліся нават некаторыя журналісты: актывісты прывезлі да ўніверсітэта не толькі палаткі і спальнікі, але і біятуалеты з партатыўнымі рукамыйніцамі. Заяўлялася, што пікет працягнецца як мінімум суткі — да вечара панядзелка. Тут трэба адзначыць, што праспект Чаўчавадзэ — гэта важная транспартная развязка, яго блакаванне нават на карацейшы тэрмін не можа застацца незаўважаным гараджанамі.  

На мітынгу ў нядзелю выступілі студэнты 13 грузінскіх ВНУ. Яны заявілі, што не прызнаюць легітымнасць парламента, сфармаванага ў выніку выбараў 26 кастрычніка, і працягнуць барацьбу за справядлівыя перавыбары. Выступалі і лідары апазіцыі — яны заявілі, што з гэтага часу мітынгі стануць бесперапыннымі і будуць праходзіць ва ўсім горадзе, "пакуль не пройдуць новыя і сумленныя выбары, якіх заслугоўвае насельніцтва Грузіі".

Ноч прайшла спакойна, на працягу наступнага дня сацсеткі стракацелі аповедамі пра тое, як да пратэсту далучаліся то мясцовыя жыхары (яны прыносілі гарачую ежу і пітво), то апазіцыйна настроеныя кампаніі — напрыклад, адно з мясцовых выдавецтваў, "Сулакауры", якое перадала пратэстоўцам кнігі для стварэння "намётавай бібліятэкі". У "Сулакауры" ёсць сетка кнігарняў, і нядаўна яны дэманстратыўна запоўнілі ўсе свае вітрыны кнігамі Джорджа Оруэла. Перадача кніг перарасла ў даволі відовішчны перформанс, у якім узялі ўдзел і аўтары, што супрацоўнічаюць з выдавецтвам.

Паўторныя выбары

Увечары 18 лістапада з заявай выступіла прэзідэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі. Яна сказала, што падае пазоў у Канстытуцыйны суд у сувязі з парушэннямі на парламенцкіх выбарах. Гаворка ідзе пра парушэнне таямніцы і празрыстасці выбараў.

"Я раблю гэта не таму, што веру ў Канстытуцыйны суд, а таму, што хачу ў поўнай меры выпрабаваць сумленне тых суддзяў, якія стануць перад выбарам, якой краінай мы хочам быць і ў якім кірунку гэтая краіна будзе рухацца. Хачу пажадаць ім і сабе, каб у гэтым Канстытуцыйным судзе хаця б некалькі суддзяў паказалі, што годныя суддзі ў гэтай краіне існуюць", — сказала Зурабішвілі.

Яна лічыць небяспечным крызіс, у якім аказалася Грузія, і бачыць выхад у паўторных парламенцкіх выбарах, якія трэба правесці пасля змены выбарчага кодэкса і камплектацыі новай выбарчай камісіі, а таксама спецыяльнага суда для разгляду выбарчых спрэчак. На думку Зурабішвілі, усё гэта павінна быць зробленае пры падтрымцы і ўдзеле міжнародных партнёраў. Каб ажыццявіць гэты план, прэзідэнтка прапануе аднавіць працу парламента (старога склікання), урада і "нават прэзідэнта" — тэрмін яе паўнамоцтваў вось-вось скончыцца, і кіроўная партыя напэўна зробіць усё магчымае, каб гэты пост заняў больш лаяльны да яе кандыдат.

Нягледзячы на тое, што ўсё, што адбывалася на акцыі, насіла падкрэслена мірны характар, улады назвалі яе "радыкальнай". Лідар кіроўнай партыі Каха Каладзэ ўмудрыўся выкарыстаць гэтае слова тройчы ў адным сказе, сказаўшы, што "тое, што адбываецца на праспекце Чаўчавадзэ — радыкалізм", што "час радыкалізму прайшоў" і што "радыкалізм і зло будуць пераможаныя".

Трэба сказаць, што агульны міралюбны настрой акцыі да душы не ўсім — частка нязгодных з афіцыйнымі вынікамі выбараў была б не супраць зрабіць акцыі больш рашучымі. Прынамсі каментары такога зместу рэгулярна з'яўляюцца ў фэйсбук-групах, у якіх абмяркоўваецца пратэсная каардынацыя. Многія сярод незадаволеных крытыкуюць дзеянні апазіцыі, якая замест таго, каб падзяліцца хоць якім-небудзь доўгатэрміновым планам, дзейнічае сітуатыўна, кожны раз заяўляючы, што пра далейшыя крокі будзе паведамляць паэтапна. Пакуль цяжка меркаваць, як гэта паўплывае на далейшы настрой незадаволеных — пратэсты могуць і пайсці на змяншэнне, і ўспыхнуць з новай сілай. Асабліва калі студэнтаў, якія далучыліся, стане больш. 

Дзіяна Петрыяшвілі, "Медыясетка"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі