“Права выбару” за ўвесь час назірання на выбарах падала 768 скаргаў
Вынікі парламенцкіх выбараў прызнаваць немагчыма, бо яны адбываліся непразрыста і недэмакратычна. Пра гэта падчас прэс-канферэнцыі ў Мінску заявіў прадстаўнік кампаніі "Права выбару" Дзяніс Садоўскі.
Па яго словах дэмакратычных актывістаў у складзе выбарчых камісій фактычна не было. Таксама фіксаваўся ціск на некаторых сябраў ініцыятыўных групаў, якія праводзілі збор подпісаў і агітацыю. З боку дзяржавы прысутнічала цэнзура падчас агітацыйнай кампаніі, падчас выступаў на тэлебачанні і ў дзяржаўных друкаваных СМІ. Праўладныя кандыдаты карысталіся большымі магчымасцямі, у тым ліку і адміністрацыйным рэсурсам.
Падчас датэрміновага галасавання найбольшай праблемай з’яўлялася фальсіфікацыя яўкі, заніжэнне спісавай колькасці выбарцаў на ўчастку, сцвярджаюць назіральнікі. У параўнанні з першым днём датэрміновага галасавання, спісавая колькасць выбаршчыкаў штучна змяншалася на 40-45% у дзень выбараў (каб павялічыць яўку). Таксама называецца "прымус да датэрміновага галасавання". Новай адметнасцю гэтых выбараў былі "каруселі". Яны выкарыстоўваліся, як падчас датэрміновага галасавання, так і падчас выбараў, кажуць прадстаўнікі "Права выбару".
Па словах Садоўскага, падчас найважнейшага этапа — падліка галасоў, не былі выкарыстаныя нават інструкцыі Цэнтрвыбаркаму. Назіральнікі не бачылі, як адбываўся падлік. І такога падліку галасоў, падчас якога б назіральнікі бачылі "птушачку" ў кожным бюлетэні і ў які стос ён кладзецца, на абсалютнай большасці ўчасткаў Беларусі не было.
“53 назіральнікі кампаніі "Права выбару" былі выдаленыя за ўвесь час датэрміновага галасавання і ў асноўны дзень выбараў. Што з’яўляецца рэкордам для кампаніі "Права выбару". У 2015 годзе падчас прэзідэнцкіх выбараў выдалілі 36 назіральнікаў. Гэта рабілася для таго, каб ніхто не перашкаджаў фальсіфікаваць яўку і вынікі”, — гаворыць Дзяніс Садоўскі.
Кампанія "Права выбару" падала 225 скаргаў падчас датэрміновага галасавання. А агулам, за ўвесь час назірання за парламенцкімі выбарамі — 768 скаргаў.