Праваабаронца спрабуе прыцягнуць да адказнасці Нясвіжскі райвыканкам
На думку праваабаронцы Аляксандра Вайцішка, чыноўнікі перавысілі свае паўнамоцтвы, калі на свята 9 траўня дазволілі аўтамабілістам паркавацца ў зялёнай зоне недалёка ад вадасховішча. Па падліках праваабаронцы, паркоўка была арганізаваная ў 20-30 метрах ад вадасховішча не менш чым для ста аўтамабіляў і займала плошчу ў паўгектара.
“9 траўня быў на свяце ў Нясвіжы. Там я ўбачыў стыхійную стаянку аўтамабіляў каля палацава-паркавага комплексу, — распавядае Аляксандр Вайцішак. — Гэтая стаянка была арганізаваная незаконна на зялёнай зоне. Па перыметры была агароджаная калкамі, на якія была нацягнутая стужка. Перад імправізаванай стаянкай стаяў знак “Уезд забаронены”. Мяркуючы, што гэтая стаянка незаконная, я патэлефанаваў у “102” і паведаміў пра гэты момант”.
Праваабаронца адзначае, што тэлефанаваў у міліцыю з мэтай прадухіліць далейшыя правапарушэнні, каб прыбралі прыпаркаваныя машыны і забаранілі на гэтую пляцоўку уезд і выезд. Аднак на звароты міліцыянты ніяк не рэагавалі. У рэшце дзяжурны паведаміў Аляксандру, што дазвол на паркоўку ў гэтым месцы даў Нясвіжскі райвыканкам.
“Як толькі я дазнаўся, што ёсць такі дазвол, то я паведаміў дзяжурнаму ў міліцыю, што здзейсненае злачынства, а менавіта адбылося перавышэнне ўлады службовымі асобамі, якое выразілася ў незаконным выдзяленні ўчастка пад паркоўку каля водаахоўнай зоны, — працягвае праваабаронца. — Прыбыла аператыўная група. Міліцыянты наўмысна цягнулі час. Усё гэта адбывалася з 18-00 да 22-00 вечара. У міліцыянтаў не было з сабой рулеткі, каб усё памераць, а калі паехалі ў райаддзел па яе, яны мне заявілі, што цяпер мераць не будуць, бо ўжо цёмны час сутак і я там не патрэбны. Я лічу, што дзеянні міліцыянтаў незаконныя”.
На наступны дзень Аляксандр зноў прыйшоў на месца правапарушэння і сфатаграфаваў, як яно выглядала. Ён напісаў скаргу ў Нясвіжскі райвыканкам з просьбай ацаніць шкоду, нанесеную навакольнаму асяроддзю, а таксама прыцягнуць да адказнасці вінаватых асобаў, якія дазволілі арганізацыю паркоўкі.
Апошні раз Аляксандр Вайцішак тэлефанаваў на прамую лінію ў Міністэрства ўнутраных спраў 21 траўня, дзе яму абяцалі разабрацца ў сітуацыі.