Праваабаронцу Алеся Бяляцкага выклікалі на допыт у СК
Алесь Бяляцкі / nn.by
Кіраўнік незарэгістраванага праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі выкліканы на допыт у Следчы камітэт, паведамляе телеграм-канал праваабаронцаў.
Бяляцкага чакаюць у СК у 10 гадзін. Адначасова працягваюцца следчыя дзеянні і з іншымі праваабаронцамі, а таксама валанцёрамі і грамадскімі актывістамі па ўсёй Беларусі.
Допыты праводзяцца ў рамках крымінальнай справы, якая была ўзбуджаная па ч. 2 арт. 342 КК РБ "Навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама фінансаванне ці іншае матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці". Максімальная санкцыя па гэтым артыкуле — два гады пазбаўлення волі.
Напярэдадні ператрус прайшоў і ў яшчэ адной праваабаронцы — юрыста "Human Constanta" Эніры Браніцкай, а таксама ў яе бацькоў. Яе не затрымалі, але тэхніку канфіскавалі. З дакументаў стала вядома, што ператрус праводзілі ў сувязі са справай аб масавых беспарадках. Сёння Эніра Браніцкая таксама павінна прыйсці на допыт у СК.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.