Праваабаронцы хочуць пагаварыць з праваахоўнікамі пра вулічныя акцыі

Праваабарончыя арганізацыі Беларусі звярнуліся да сілавых структураў з прапановай правесці 19 лютага перамовы. Правабаронцы хочуць абмеркаваць гвалтоўныя разгоны масавых мерапрыемстваў 8, 14 і 16 лютага, а таксама сітуацыю вакол Саюзу палякаў у Беларусі. Для ўдзелу ў перамовах запрашаюцца прадстаўнікі МУС Рэспублікі Беларусь, ГУУС Мінгарвыканкама, Рэспубліканскай і Мінскай гарадской пракуратуры, Палка міліцыі спецыяльнага прызначэння, КДБ Рэспублікі Беларусь, Упраўленняў КДБ па Мінску і Мінскай вобласці, Камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах  і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Як паведаміла Еўрарадыё праваабаронца Алена Танкачова, неабходнасць у перамовах выкліканая тым, што вярнулася практыка жорсткага разгону мірных дэманстрацый, што практыкавалася некалькі гадоў таму.

Танкачова: Мы са свайго боку робім добрасумленную спорбу ўступіць у працэс перамоваў. Гэта нашая адказнасць, і мы адказваем за гэты крок. У залежнасці ад таго, якое рашэнне - удзелу ці няўдзелу ў перамовах - будзе прынятае іншым бокам, у залежнасці ад гэтага будзе развівацца і нашая стратэгічная лінія паводзінаў.

Для назірання за перамовамі запрошаныя прадстаўнікі пасольстваў, офіса АБСЕ, прадстаўніцтва Еўракамісіі ў Беларусі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі