Праваабаронцы: Летась у Беларусі сталі штрафаваць у 7 разоў больш
З'явіўся аналітычны агляд "Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў 2016 годзе", які падрыхтавалі праваабаронцы з цэнтра "Вясна" (пазбаўлены афіцыйнай рэгістрацыі ў 2003 годзе). У ім адзначаецца, што ніякіх сістэмных зменаў, скіраваных на якаснае паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека, на працягу 2016 года ў нашай краіне не адбылося.
Адзначаецца, што летась праваахоўнікі адмовіліся ад гвалтоўнага спынення несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў, затрыманняў і арыштаў іх удзельнікаў. Аднак "колькасць выпадкаў прыцягнення грамадзян да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафаў у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання меркаванняў, у параўнанні з папярэднім годам, павялічылася амаль у сем разоў". Праваабаронцам вядома пра 484 выпадкі накладання адміністрацыйнага спагнання ў 2016 годзе.
"Нягледзячы на агульнае зніжэнне маштабу рэпрэсіяў, узровень кантролю над грамадствам заставаўся вельмі высокім", — падкрэсліваецца ў аналітычным аглядзе.
Адзначаецца, што ў Беларусі працягваецца практыка прымянення смяротнай кары. На працягу года пакаралі 4 чалавекі і вынеслі 4 новыя смяротныя прысуды (па двух з іх асуджаныя чакаюць выканання прысудаў). У мінулым годзе праваабаронцы зафіксавалі шматлікія факты жорсткага абыходжання, якія былі дапушчаныя ў дачыненні да грамадзян супрацоўнікамі Міністэрства ўнутраных спраў.
Цалкам паглядзець аналітычны агляд "Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў 2016 годзе" можна тут.