Праваабаронцы пачалі флэшмоб #БезПраваНаРасправу
Праваабаронцы "Вясны" пачалі ў сацсетках флэшмоб з хэштэгам #БезПраваНаРасправу. Яны прапаноўваюць распавядаць пра выпадкі, калі супрацоўнікі МУС дзейнічалі з перавышэннем сваіх паўнамоцтваў.
Нагодай для флэшмобу сталі нядаўнія выпадкі, калі ў кватэру да мінскага педыятра ўварваліся міліцыянты, падазраючы яго ў эксгібіцыянізме, а таксама міліцэйскія зачысткі на вуліцы Зыбіцкай.
У звароце гаворыцца: "Толькі адзінкі з падобных ахвяраў адважваюцца дамагацца пакарання для сваіх крыўдзіцеляў ці хаця б надаць агалоску такім інцыдэнтам. У выніку, міліцыянеры застаюцца беспакаранымі, людзі — неабароненымі ад міліцэйскага гвалту, а статыстыка МУС аб службовых злачынствах — моцна скажонай. Давайце разам прабіваць сцяну маўчання, страху і беззаконня!"
Адным з першых на прапанову праваабаронцаў адгукнуўся вядомы актывіст Павел Вінаградаў.