Праваабаронцы: З магілёўскіх настаўнікаў збіраюць грошы на фэст "Магутны Божа"
З магілёўскіх настаўнікаў збіраюць грошы на фэст "Магутны Божа", піша праваабарончы сайт mspring.online са спасылкай на ўласныя крыніцы. Такім чынам упраўленне культуры Магілёўскага гарвыканкама нібыта спрабуе часткова прафінансаваць фэст.
Ананімная крыніца паведаміла, быццам з настаўнікаў збіраюць па 25 рублёў. Афіцыйна гэта нідзе не прапісана, але існуюць ведамасці, дзе выкладчыкі ставяць подпісы за здадзеныя грошы. Гэтыя грошы потым абяцаюць вярнуць праз прэміі.
Афіцыйнага пацвярджэння гэтай інфармацыі няма.
Дарэчы, у 2017 годзе адміністрацыя Ленінскага раёна Магілёва прапанавала установам горада набываць квіткі на гала-канцэрт фэсту "Магутны Божа". Кіраўнікі ўстановаў абавязаныя былі даць справаздачу пра набытыя квіткі ў раённы ідэалагічны аддзел.
"Магутны Божа" — міжнародны фэст духоўнай музыкі, які праводзіцца ў Магілёве з 1993 года. У 2019 годзе ён пройдзе з 18-га па 25 траўня.