Праз даследаванне генатыпу раскрылі забойства, учыненае ў Гродне 17 гадоў таму

Праз даследаванне генатыпу раскрылі забойства, учыненае ў Гродне 17 гадоў таму

Следчы камітэт завяршае папярэдняе расследаванне крымінальнай справы, пачатай больш за 17 гадоў таму. Раскрыць злачынства атрымалася дзякуючы даследаванню генатыпу, паведамляе прэс-служба СК

Напрыканцы жніўня 2000 года ў лесе каля дзіцячага лагера "Купалінка" (цяпер тэрыторыя ўваходзіць у рысу Гродна) было знойдзенае цела 19-гадовай дзяўчыны са множнымі целавымі пашкоджаннямі. Па гарачых слядах праваахоўнікі не знайшлі асобаў, якія маглі б мець дачыненне да злачынства. З месца здарэння былі ўзятыя неабходныя рэчавыя доказы і біялагічныя сляды. 

А ў 2017 годзе ў адным з аддзелаў унутраных спраў Гродна ішла адпрацоўка асобаў, якія раней прыцягваліся да крымінальнай адказнасці за асабліва цяжкія злачынствы. Падчас яе біялагічныя пробы былі ўзятыя ў 51-гадовага гродзенца, раней судзімага за забойства. Аналіз выявіў, што яго генатып супадае з біялагічным матэрыялам, узятым з месца забойства 2000 года.

Мужчыну затрымалі, крымінальная справа была адноўленая.

Следства выявіла, што 24 жніўня 2000 года мужчына напаў на 19-гадовую дзяўчыну, якая вярталася дадому праз лес. Ён нанёс ёй вялікую колькасць удараў па жыццёва важных органах, а потым згвалтаваў яе і ўчыніў гвалтоўныя дзеянні сэксуальнага характару. Ад атрыманых траўмаў дзяўчына загінула на месцы здарэння.

Паведамляецца, што следства праверыла версію, што да злачынства былі датычныя некалькі асобаў. Такое меркаванне вылучалася на першапачатковым этапе расследавання ў 2000 годзе. У пошуках зламыснікаў следчыя нават накіроўвалі запаты аб дапамозе ў Расію, але гэтая версія не пацвердзілася.

Пасля затрымання мужчына даваў супярэчлівыя паказанні, спрабуючы зменшыць сваю ролю. Пры гэтым ён казаў, што быў моцна п'яны, таму шмат якіх дэталяў не памятае.

Гродзенца ўзлі пад варту. Яго вінавацяць у забойстве, учыненым з асаблівай жорсткасцю, спалучаным са згвалтаваннем і гвалтоўнымі дзеяннямі сэксуальнага характару, асобай, якая раней учынiла забойства. 

Цяпер следства рыхтуе дакументы для перадачы крымінальнай справы пракурору.

Праз даследаванне генатыпу раскрылі забойства, учыненае ў Гродне 17 гадоў таму
Праверка паказанняў абвінавачанага на месцы. Фота: sk.gov.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі