Праз дзень пасля смерці актрысы Керы Фішар памерла яе маці
Праз дзень пасля смерці ў Лос-Анджэлесе 60-гадовай актрысы Керы Фішар (яна стала знакамітай пасля ролі прынцэсы Леі ў "Зорных войнах") памерла яе маці. Галівудскай актрысе Дэбі Рэйнальдс было 84 гады. Па неафіцыйнай інфармацыі, у яе мог быць інсульт.
Як паведамляе "Бі-Бі-Сі", Рэйнальдс знаходзілася ў доме свайго сына ў Беверлі-Хілз, калі ёй стала кепска. Спачатку паведамілі, што актрыса знаходзіцца ў бальніцы ў Лос-Анджэлесе, а праз некалькі гадзін прыйшло паведамленне пра яе смерць.
Дэбі Рэйнальдс вядомая сваімі работамі ў мюзіклах і камедыях ў 1950-1960-я гады. Самая вядомая з іх — фільм 1952 года "Тыя, што спяваюць пад дажджом".