Праз Еўрапейскія гульні МДЛУ перасяляе 384 студэнтаў, частку — за кальцавую

Праз Еўрапейскія гульні МДЛУ перасяляе 384 студэнтаў, частку — за кальцавую

Еўрарадыё атрымала першы адказ на афіцыйны запыт пра высяленне студэнтаў са Студэнцкай вёскі. Мы звярнуліся ў БДУ, БДМУ, БДПУ, БДУІР, МДЛУ і БНТУ. У лінгвістычным ўніверсітэце нам паведамілі, што са студэнцкай вёскі ўжо выселілі 384-х студэнтаў МДЛУ. Разбіраемся, як і куды перасяляюць мінскіх студэнтаў.

У “Студэнцкай вёсцы” пражываюць каля 7500 студэнтаў. У інтэрнацкія пакоі замест іх заселяць спартсменаў і прадстаўнікоў замежных дэлегацый, якія прыедуць у Беларусь на II Еўрапейскія гульні. Інтэрнаты павінны адпавядаць ўзроўню трохзоркавых гатэляў, таму іх зачыняюць на рамонт. 1 лютага ўсе жыхары інтэрнатаў мусілі пакінуць памяшканні.

Студэнты мінскіх ВНУ ўжо скардзіліся на ўшчыльненне ў тых інтэрнатах, куды іх меліся перасяліць. Напрыклад, у інтэрнаце МДЛУ на вуліцы Слясарнай у маленечкія пакоі з чатырма ложкамі паставілі па пятым. У выніку нават прайсці паміж імі стала амаль немагчыма. Пасля публікацый у СМІ дадатковыя спальныя месцы прыбралі.

Праз Еўрапейскія гульні МДЛУ перасяляе 384 студэнтаў, частку — за кальцавую
Так выглядаў адзін з пакояў у інтэрнаце МДЛУ на вуліцы Слясарнай. Фота: t.me/studentyBY

Колькі перасяленцаў у МДЛУ

У адказе на запыт Еўрарадыё кіраўніцтва МДЛУ паведамляе, што 384 чалавекі — гэта студэнты, якія пражываюць у інтэрнатах №1 (Чурлёніса, 5) і №4 (пр. Дзяржынскага, 97).

Перасяленне закране і студэнтаў музычнай акадэміі, якія жылі ў інтэрнаце МДЛУ ў Студэнцкай вёсцы.

“У інтэрнаце № 4 МДЛУ ў цяперашні час пражываюць 402 студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Праз два тыдні яны будуць пераселеныя ў інтэрнат БДАМ, у якім цяпер завяршаецца капітальны рамонт. Разам са студэнтамі БДАМ ў гэты ж інтэрнат пераселяцца 144 студэнтв МДЛУ, з іх 88 — студэнты-замежнікі”.

У ВНУ адзначаюць, што яшчэ ў 87 студэнтаў тэрмін навучання складае 4,5 года, і 31 студзеня яны выселіліся з інтэрната ў сувязі з заканчэннем навучання, то бок нікуды не перасяляюцца.

Акрамя таго, 308 студэнтаў пятага курса з 1 лютага ў Студэнцкай вёсцы жыць не будуць, бо адпраўляюцца на пераддыпломную практыку.

Куды перасяляюць

На вакантныя месцы ў інтэрнаце № 2 (вул. Слясарная, 35) перасяляюць 38 чалавек, ў інтэрнаце № 3 (пр. Машэрава, 60) — 123 чалавек. “Месцы з’явіліся ў сувязі з ад'ездам часткі студэнтаў на замежныя стажыроўкі, сыходам у акадэмічны адпачынак і праходжаннем студэнтамі пятага курса пераддыпломнай практыкі на першым працоўным месцы”, — распавядае кіраўніцтва МДЛУ.

Частка студэнтаў (79 чалавек) адправіцца на базы аздараўлення ў аграгарадку Ждановічы і ў інтэрнаты Партызанскага раёна Мінска.

Кіраўніцтва лінгвістычнага ўніверсітэта запэўнівае, што месцы атрымаюць усе студэнты, якім гэта неабходна:

“Часовае месца жыхарства даецца ўсім студэнтам, якіх тычыцца перасяленне, а таксама ўсім тым, хто звярнуўся да нас з такой просьбай”.

Еўрарадыё чакае адказаў на афіцыйныя запыты з іншых універсітэтаў Мінска.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі