Праз санкцыі Беларусь можа страціць 20 мільярдаў долараў — Мінэканомікі
Міністэрства эканомікі / sputnik.by
У Еўрасаюзе замарожаныя актывы 26 буйных беларускіх кампаній. Без пераарыентацыі на іншыя рынкі дзяржава страціць 20 мільярдаў долараў. Пра гэта заявіў намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Ярашэвіч, піша "Экономическая газета".
У ліку кампаній, чые актывы ў ЕС замарожаныя, называюцца "Беларуськалій", "Нафтан", МАЗ, БелАЗ, "Гродна Азот", Мінскі завод колавых цягачоў, Гродзенская тытунёвая фабрыка "Нёман", "Белкамунмаш", "Белшына", "Беларуснафта", "Белавія", Белтэлерадыёкампанія.
Пры гэтым у Мінэканомікі прызнаюць, што спіс кампаній, якія трапляюць пад санкцыі, можа павялічвацца. Таму прадпрыемствы, асабліва дзяржаўныя, "могуць баяцца разьвіваць бізнес у заходнім кірунку".
Калі беларускі экспарт не ўдасца пераарыентаваць на трэція краіны, заяўляе Ярашэвіч, валютная выручка ў выніку санкцый скароціцца на 20 мільярдаў долараў.
Адной з унутраных пагроз беларускай эканомікі Ярашэвіч назваў высокую імпартаёмістасць ВУП (у 2020 годзе яна дасягнула 57,9%) а таксама высоказатратную структуру і нізкую эфэктыўнасьць вытворчасці.
Па ўзроўні прадукцыйнасці працы, як заяўляюць у Мінэканомікі, Беларусь адстае ад развітых краін у чатыры-пяць разоў. Адставанне ад іншых краін Еўразійскай эканамічнай супольнасці таксама ёсць, але не такое вялікае — амаль у 1,5 раза.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.