Праз спрэчку з суседам жыхар Гомельшчыны пазбавіўся часткі зямлі
Мужчына лічыць, што амаль палову соткі ў яго адсудзілі незаконна.
Шматгадовае суседскае супрацьстаянне бярэ пачатак у 2010 годзе. Менавіта тады Уладзімір Макаранка набыў і зарэгістраваў участак у вёсцы Яроміна, што за 5 кіламетраў ад Гомеля. Канфліктныя сітуацыі пачалі ўзнікаць, калі ўласнік пакупкі даведаўся пра род заняткаў свайго суседа.
"Сусед займаўся і займаецца перафарбоўкай і рамонтам машын. Ён ездзіў праз участак, якія я набыў. Але ж я не ведаў, што ён машыны фарбуе і ўсё такое! Калі мы перасяліліся — фарба смярдзіць, што немагчыма ў доме знаходзіцца, не тое што на дварэ... Я яму па-добраму прапанаваў: ці завязвай, ці займайся гэтым, калі мяне няма ў доме".
Аўтамайcтар, вядома, адхіліў нявыгадную для свайго бізнесу прапанову. Аднак і шукаць нейкія кампрамісы таксама не збіраўся. Тады, згодна з зямельным актам, Уладзімір Макаранка ўсталяваў на мяжы ўчасткаў плот. Агароджа пазбавіла суседа магчымасці завозіць аўтамабілі ў гараж праз участак Макаранкі. Нягледзячы на тое, што сусед меў заезд з іншага боку, спрэчка працягнулася ў раённым судзе. Кажа Уладзімір Макаранка:
"Ён падае на мяне ў суд: нібыта я перашкаджаю яму заязджаць у гараж. Падае позву аб скасаванні рэгістрацыі зямельнага ўчастка. Першы суд прыняў мой бок: яму адмовілі. Я нават адваката не наймаў, лёгка прайшлі слуханні".
Аднак сітуацыя кардынальна змянілася, калі сусед вырашыў абскардзіць рашэнне папярэдняй інстанцыі ў Гомельскім абласным судзе. Суддзя абскарджанне задаволіў, і яго рашэннем Макаранка пазбавіўся і плота, і кавалку зямлі, на якім ён месціўся. Амаль 50 квадратных метраў зямлі перайшлі ў маёмасць суседа, які цяпер бесперашкодна там ганяе аўтамабілі.
Па словах Уладзіміра Макаранкі, з дакументамі ў яго праблемаў няма, аднак абскардзіць рашэнне на сваю карысць у мужчыны не атрымліваецца. Са скаргамі ён прайшоў не адну інстанцыю і нават звяртаўся ў пракуратуру, але ўсе спробы былі безвыніковымі.
На думку вяскоўца, аўтамайстару выйграць справу дапамаглі "сувязі". Ягоны родны брат займае высокую пасаду ва Упраўленні унутраных спраў Гомельскага аблвыканкама. Гэтым Макаранка тлумачыць перадузятасць суддзяў і праваахоўнікаў да сваёй асобы.
Працяг і падрабязнасці гэтай гісторыі слухайце ў наступнай праграме "Кардыяграма". Разам з юрыстам мы паспрабуем высветліць, ці сапраўды ў мужчыны незаконна забралі кавалак зямлі.
Фота: ogorodnichek.blogspot.com