Празрыстасць выбараў у Беларусі каштуе 27 мільёнаў долараў?

На абсталяванне ўсіх выбарчых участкаў у краіне празрыстымі скрынямі для галасавання неабходна больш за 26,6 мільёнаў долараў. Да такіх падлікаў прышлі спецыялісты Нацыянальнай акадэміі навук Начальнік аддзелу кадраў Акадэміі навук Беларусі Мікалай Раманюк адмыслова для Еўрарадыё прыгадвае спробу наладзіць айчынную вытворчасць празрыстых скрынак для галасавання. Зрэшты, пасля праведзеных падлікаў прыблізнага кошту сваёй задумы навукоўцы былі вымушаныя адмовіцца ад яе.

Мікалай Раманюк: “Мы хацелі запусціць гэта на заводзе “Тэрмапласт”. Але сам завод не адужаў. Не было такой машыны, якая магла бы выціснуць гэтую урну. Тады мы недзе разлічвалі, што адзін камплект скрынак для галасавання — 3 вялікія і 3 малыя — гэта недзе каля 8 мільёнаў рублёў. Гэта калі браць на абсталяванне выключна скрынак для галасавання. Калі браць па мінулых выбарах, гэта 4 тысячы долараў. Калі ж цалкам усё новае абсталяванне — скрынкі для галасавання, наглядная агітацыя, кабінкі з фіранкамі і металакаркасам, — то гэта атрымлівалася недзе 16 мільёнаў рублёў. Гэта каля 7-8 тысяч долараў — абсталяваць адзін ўчастак для галасавання. Калі возьмем 5 тысяч участкаў па рэспубліцы і памножым гэта ўсё на 7 тысяч долараў — сумы атрымліваюцца, вядома ж, астранамічныя”.

Менавіта на дарагоўлю замены драўляных урнаў на празрыстыя пластыкавыя спасылаюцца і ў Цэнтральнай выбарчай камісіі. Сярод прапаноў па зменах у Выбарчым Кодэксе празрыстыя урны не згадваюцца. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына лічыць, што арганізатары выбарчых участкаў самастойна могуць зрабіць такую скрыню — калі ў іх будзе на тое ахвота і рэсурсы. Аднак агульнай праграмы па замене драўляных урнаў пластыкавымі не будзе.

Лідзія Ярмошына: “Урны і зараз ніхто не забараняе. Калі ёсць грошы — ідзі замаўляй і галасуй у празрыстую урну. Гэта ж закон увогуле не прапісвае! Гэта ўвогуле тых, хто абсталёўвае выбарчыя ўчасткі. Дарэчы, у нас ёсць гэтыя празрыстыя урны — у багатых арганізацыях. То бок, тая арганізацыя, якая можа замовіць, — ды, калі ласка, няхай замаўляе! Папросту, калі гэта прапісваць, то на гэта трэба выдаткоўваць грошы. А гэта зусім не малыя сумы”.

Ашчадзіць — гэта зрабіць урну не на заводзе, а ўласнаручна. Менавіта такія скрынкі для галасавання і можна ўбачыць дзе-нідзе на айчынных выбарчых участках. На думку Мікалая Раманюка, аднак, разглядаць падобныя даробкі сур’ёзна не варта.

Мікалай Раманюк: “Не склейваць яе, не скручваць на шрубы. Урна не павінна мець швоў, толькі накрыўку. Потым ужо — калі ласка! — калі мазгі будуць, то потым гэтую накрыўку можна будзе ўдасканаліць ажно да таго, каб на ёй можна было хоць электронны лічыльнік паставіць: аркуш прасоўваеш — ён фіксуе.  А калі ўзяць аркушы пластыку, пачынаць іх склейваць — канструкцыя атрымліваецца надта ж крохкая. Пры кожным удары можа быць расколіна, а ў час выбараў гэта будзе толькі падставай для спрэчак”.

З Раманюком пагаджаецца і сакратар ЦВК Мікалай Лазавік. Пры гэтым чыноўнік удакладняе, што несур’ёзна разглядаць не толькі пытанне самаробных пластыкавых скрынак для галасавання, але і ўвогуле наяўнасць празрыстых урнаў на ўчастках.

Мікалай Лазавік: “Звядзенне празрыстасці выбараў да празрыстасці скрыняў — гэта прафанацыя панятку празрыстасці выбараў. Часам гэтаму пытанню надаецца празмерна шмат увагі. Хаця мы цудоўна разумеем — і вы, і я — што з абсалютна празрыстымі скрынямі можна правесці абсалютна непразрыстыя выбары”.

Забяспечыць празрыстасць датэрміновага галасавання альбо і ўвогуле скасаваць яго — адно з асноўных патрабаванняў АБСЕ да беларускіх уладаў. Менавіта гэтую частку выбараў незалежныя айчынныя і замежныя эксперты лічаць асновай выбарчых фальсіфікацыяў.

У ЦВК цвёрда адказваюць: адмяняць нічога не будзем, а вось празрыстасць забяспечым! Чыноўнікі абяцаюць, што пры падліку галасоў назіральнікі здолеюць убачыць стол з бюлетэнямі, а не спіны сябраў выбарчай камісіі. Таксама назіральнікам дазволяць прысутнічаць пры штовечаровым апячатванні урнаў. Аднак подпісаў старшыні камісіі на копіях пратаколаў і дазволу назіраць за скрынкамі для галасавання і ўначы назіральнікі ўсё-ткі не дачакаюцца.

Дарэчы, празрыстыя урны на выбарчых участках маглі з’явіцца яшчэ на мінулых прэзідэнцкіх выбарах. І беларускі бюджэт не збяднеў бы тады ані на рубель. Адзін з тагачасных кандыдатаў у прэзідэнты Аляксандр Казулін прапаноўваў Лідзіі Ярмошынай у гэтым сваю дапамогу. Старшыня ЦВК ад яе тады адмовілася.

Аляксандр Казулін: “Калі я быў кандыдатам у прэзідэнты, то я ўнёс афіцыйную прапанову спадарыні Ярмошынай, што я бяру на сябе абавязкі цалкам забяспечыць усю краіну празрыстымі скрынкамі. Калі яны не хочуць, каб гэта было ад мяне, то я быў гатовы прадставіць спонсара, які гэта зробіць. Але яны тады адмовіліся. Дык што, тады мая прапанова не адпавядала заканадаўству, а зараз адпавядае, так?”.

Ці ёсць сэнс звяртацца з падобнай просьбай сёння, напярэдадні будучых мясцовых і прэзідэнцкіх выбараў, калі рыторыка ўладаў заўважна памякчэла? Лідэр Руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч, які ўжо ўдзельнічаў у прэзідэнцкай гонцы і мае намер паўтарыць спробу, пазірае на гэткую магчымасць без вялікага энтузіязму. Зрэшты, як і ўвогуле на гучна праанансаваныя змены ў выбарчым заканадаўстве.

Аляксандр Мілінкевіч: “Безумоўна, змены патрэбныя. Але я бы тут не абсалютызаваў значэнне гэтых зменаў, таму што ў нас няма свабоднага суда, ёсць “тэлефоннае права”. У нас былі выпадкі, калі чалавек падпісваў за кандыдата ліст на вылучэнне і потым прыходзіў у суд і казаў, што, маўляў, я падпісваў. А суддзя кажа: “Не, вы не падпісвалі!” — вось і ўсё заканадаўства. Таму калі няма механізмаў, няма падзялення ўлады і няма механізму адстойвання сваіх правоў, то толькі змены ў выбарчым заканадаўстве — гэта маленькая кропелька, якая не вызначае лёсу дэмакратыі ў Беларусі, а толькі маленькі крок робіць”.

Навошта ж тады беларускім уладам эканоміць на празрыстых урнах, балазе калі ёсць магчымасць атрымаць іх задарма дый калі ўплыў іх на вынікі выбараў не з’яўляецца вырашальным? Звярнуўшыся да гісторыі выкарыстання скрынак з пластыку на постсавецкай тэрыторыі, узнікае і пытанне адносна адэкватнасці кошту вырабу айчынных урнаў.

Напрыклад, яшчэ ў 2004 годзе Вярхоўная Рада Ўкраіны ўхваліла закон аб выбарах народных дэпутатаў, паводле якога для галасавання прадугледжваліся толькі празрыстыя скрынкі. Тады кошт адной урны склаў 341 грыўню (каля 68 долараў па стане на 2004 год). Сёння кошт пластыкавай урны ва Ўкраіне складае 775 грыўняў для вялікай (каля 97 долараў) і 450 грыўняў для маленькай (каля 56 долараў) скрынак. Усе сродкі выдаткоўваюцца з дзяржаўнага бюджэту.

Нашыя ўсходнія суседзі таксама пастанавілі не шкадаваць грошай і ўжо да 2016 году пераабсталяваць усе выбарчыя ўчасткі менавіта празрыстымі урнамі. Паводле падлікаў ЦВК Расійскай Федэрацыі, кошт адной урны складае да 4 тысяч рублёў (каля 137 долараў).

На мінулых прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі налічвалася 6659 выбарчых участкаў. Каб абсталяваць іх празрыстымі урнамі, карыстаючыся падлікамі супрацоўнікаў Акадэміі навук, нам спатрэбіцца больш за 26,6 мільёнаў долараў (у кошт беларускай скрынкі апроч сыравіны ўваходзіць і дарагое абсталяванне, якога на сённяшні дзень няма ў краіне). У той час, калі яшчэ ў 2004 годзе ў Законе аб бюджэце на правядзенне выбараў і рэферэндумаў было закладзена ўсяго каля 6 мільёнаў долараў.



Фота — kasparov.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі