Прэм'ер-міністр анансаваў рэформу пенсійнай сістэмы

Прэм'ер-міністр анансаваў рэформу пенсійнай сістэмы

У Беларусі рыхтуецца пенсійная рэформа. Пра гэта заявіў прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка ў Палаце прадстаўнікоў, прадстаўляючы праграму дзейнасці ўрада да 2025 года.

"Для захавання стабільнасці пенсійнага забеспячэння трэба будзе перафарматаваць пенсійную сістэму. Для гэтага будзе максімальна задзейнічаны механізм прыватных пенсійных зберажэнняў і карпаратыўных пенсійных праграм наймальнікаў", — цытуе БЕЛТА словы Галоўчанкі.

Выглядае, што цяперашняя пенсійная сістэма Беларусі не вытрымлівае эканамічнага ціску.

Паведамляецца, што ўрад прапрацоўвае падыходы, каб трымаць сярэднюю пенсію па ўзросце не ніжэй за 40% ад сярэднямесячнага заробку па краіне. Галоўчанка звярнуў увагу на працу з арганізацыямі, у якіх узровень сярэдняга заробку ніжэйшы за сярэднегаліновае значэнне.

Таксама мяркуецца ўвесці новыя крытэрыі мінімальнага заробку — не ніжэй за 30% ад прагнознага значэння сярэднямесячнага заробку па краіне. Для бюджэтнікаў Галоўчанка абяцае паэтапнае павышэнне памеру базавай стаўкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі