Прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў: Спачатку крэслы — потым грошы
У суботу, 20 лютага, урад абмяркоўвае вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі ў 2015 годзе. Прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў заявіў, што для развіцця эканомікі трэба максімальна задзейнічаць унутраныя рэзервы і мабілізаваць кадры. Ён нагадаў задачы ўраду, міністраў, кіраўнікоў канцэрнаў і мясцовых уладаў: нарошчванне экспарту і рацыянальнае імпартазамяшчэнне, якія забяспечаць збалансаванасць знешняга гандлю, зніжэнне выдаткаў і скарачэнне запасаў гатовай прадукцыі, інфармуе БЕЛТА.
Прэм'ер папрасіў кіраўнікоў прадпрыемстваў не звяртацца ва ўрад па рэсурсы для латання дзірак, якія ўтварыліся з-за безгаспадарчасці і няўмення працаваць. Меры падтрымкі магчымыя толькі ў выпадку, калі на прадпрыемствах будзе праведзеная "комплексная рэалізацыя мер па фінансавым аздараўленні". "Як кажуць у творы вядомых класікаў, спачатку крэслы — потым грошы", — падкрэсліў Кабякоў.