Прэм’ер Польшчы абяцае больш жорсткія санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі
Матэвуш Маравецкі / AP
Еўрасаюз увядзе больш жорсткія санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі ў сувязі з планамі Расіі размясціць у Беларусі тактычную ядзерную зброю. Пра гэта заявіў прэмʼер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі.
"Гэты крок Расіі... абвяшчэнне аб размяшчэнні ядзернай зброі ў Беларусі, безумоўна, прывядзе да абвяшчэння дадатковых санкцый, узровень санкцый будзе значна больш жорсткім для рэжыму Лукашэнкі", — перадае "Голас Амерыкі" словы Маравецкага.
Маравецкі дадаў, што вядзе штодзённыя перамовы з іншымі лідерамі Еўрасаюза пра адзінаццаты пакет санкцый супраць Масквы. У ім будуць і меры, накіраваныя супраць рэжыму Лукашэнкі.
Акрамя таго, у аўторак польскі прэм'ер заявіў, што яго краіна разглядае магчымасць увесці дадатковыя абмежаванні на трансгранічныя перавозкі на мяжы з Беларуссю.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.