Прэс-служба Крамля: Саўчанка будзе адбываць тэрмін, іншых рашэнняў пакуль няма
Украінская лётчыца Надзея Саўчанка, якую асудзілі ў Расіі на 22 гады турмы, будзе адбываць свой тэрмін. Пра гэта паведаміў прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў.
“Па Саўчанка сітуацыя для нас гранічна простая і гранічна зразумелая: Саўчанка з’яўляецца асуджанай, а далей усё адбываецца ў адпаведнасці з законам Расійскай Федэрацыі. Яна будзе адбываць тэрмін. Іншыя рашэнні могуць прымацца толькі кіраўніком краіны. Пакуль такіх рашэнняў няма”, — сказаў Пяскоў у інтэрв’ю тэлеканалу ТВЦ.
Надзея Саўчанка была ўзятая ў палон расійскімі ваеннымі ўлетку 2014 года. Яе абвінавацілі ў забойстве дваіх расійскіх тэлежурналістаў і асудзілі на 22 гады турмы. Кіеў гатовы абмяняць яе на затрыманых на Данбасе расіян.
Напярэдадні кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта Расіі Сяргей Іваноў заявіў, што Крэмль тэарэтычна дапушчае такі абмен.