Прэтэндэнта ў прэзідэнты Шульгана звезлі ад ЦВК у міліцэйскі пастарунак
Ахова Дома ўраду выклікала міліцыю з падазрэння, што ён прыйшоў у Цэнтрвыбаркам рэгістраваць ініцыятыўную групу ў нецвярозым стане (відэа)
Беспрацоўны Юрый Шульган разам кіраўніком свайго выбарчага штабу Паўлюком Канавальчыкам прынеслі 17 ліпеня у Цэнтрвыбаркам спісы сваёй ініцыятыўнай групы на рэгістрацыю. Але іх не прапусцілі нават на тэрыторыю Дома ўраду – супрацоўнік аховы заявіў, што не можа прапусціць нецвярозых людзей. І выклікаў начальніка службы аховы для вырашэння спрэчнага пытання.
Сам Юрый Шульган даводзіў Еўрарадыё, што сёння не выпіў ні кроплі алкаголю. І калі ад яго ёсць нейкі “пах”, то, магчыма, гэта вынік “учорашняга” (гл. відэа).
Начальнік службы аховы пасля пэўных перамоў з Шульганоў і Канавальчыкам выклікаў нарад міліцыі з бліжэйшага пастарунку. Тыя паведамілі журналістам, што адвядуць прэтэндэнта ў прэзідэнты ў пастарунак для правядзення тэсту на алкаголь. Але адышоўшы крыху ад уваходу ў ЦВК, і Шульгана, і Канавальчыка з дапамогай трох АМАПаўцаў пасадзілі ў міліцэйскую машыну і звезлі ў невядомым кірунку.
Фота і відэа: Змітра Лукашука