Прэзентацыя на Еўрарадыё: альбом "Bingo" ад "Мигающий Жёлтый" (слухаць)

Гурт "Мигающий Жёлтый" прадстаўляе на Еўрарадыё дэбютны альбом "Bingo", напісаны на трох мовах. Кружэлка, якую складаюць 11 трэкаў, распавядае пра існаванне недасканалага чалавека ў недасканалым свеце.


"Усе песні на альбоме — пра несвядомыя ўнутраныя станы, пра якія не вельмі заведзена гаварыць, — тлумачыць фронтвумэн гурта Юлка Каціч. — Бо цяпер мы жывем у грамадстве поспеху, кажам, што ўсё добра, усё выдатна, што мы ўсе на пазітыве, што ўсё здорава. Але вельмі часта гэта проста словы, а не сапраўдны рэальны стан душы. Мы лічым, што гэтае ўнутранае трэба таксама перажываць для таго, каб яно не назапашвалася, не прарастала ў нейкія непатрэбныя балячкі".


Гурт "Мигающий жёлтый" узнік як студыйны праект у 2011 годзе, пазней з'явілася жывая канцэртная праграма. Назва адсылае да начнога горада і таго асаблівага стану свядомасці, якое суправаджае кіроўцу ноччу.


Стылістыку, у якой ствараюцца песні, музыкі акрэсліваюць як "поп-нуар" ці "чорны поп". Маўляў, трэкі першапачаткова будуюцца па поп-канонах, аднак у выніку выяўляюцца ў складаных формах і наварочаных музычных канструкцыях, за якія адказвае Цімафей Сяргееў.


"Цімафей — гэта як кравец, які шые для мяне сукенкі, — кажа Юля, аўтар музыкі "Мигающего жёлтого". — І я бяру, апранаю: калі пасуе, я нашу, калі не — прашу перарабіць. На шчасце, практычна ўсе сукенкі пасавалі, хаця яны некалькі дзіўныя і часам патрэбная пэўная смеласць, каб такую сукенку апрануць. Але калі б яна мне не пасавала, я б у ёй не выйшла".


Апроч Юлі і Цімафея, у гурце ўдзельнічаюць паэтка Дзіна Мележ і скрыпачка Ганна Асаян.


Канцэртная прэзентацыя альбома "Bingo" пройдзе 30 студзеня ў мінскім клубе Loft. У гэты ж вечар у клубе адбудзецца прэм'ера новага танцавальнага праекта лідаркі гурта Tanin Jazz Таццяны Гарошкі Take The Cookies.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі