Прэзентацыя на Еўрарадыё: альбом “По морям” гурта “Всё Crazy”
Сэлцік-панк-гурт “Всё Crazy” прэзентуе на Еўрарадыё альбом “По морям”. Другі паўнафарматнік складаецца з 10 трэкаў, аб’яднаных агульнай канцэпцыяй.
“Гэта дарога да мора, — тлумачыць канцэпцыю лідар гурта Антон “Сір” Сіроцін. — Мы, беларусы, пазбаўленыя мора. Таму мы такія крыху затарможаныя і ў пэўнай ступені прып*жджаныя. І ўсё гэта таму, што ў нас няма мора, яно нас не корміць, мы на моры не паміраем і гэтак далей. Таму альбом цалкам накіраваны на мора і, натуральна, на бухло, бо бухло — гэта наша ўнутранае мора!”
Запіс альбома гурт распачаў яшчэ ў 2013-м годзе, а скончыў студыйную працу толькі ў снежні 2015-га. Саўнд-прадзюсарамі альбома выступілі непасрэдна фронтмэн калектыву а таксама вядомы гукарэжысёр Сяргей Шлёма Лабандзіеўскі. У выніку музыкі рэкамендуюць “По морям” да праслухоўвання “асобам, якія не дасягнулі нічога, а таксама цяжарным і кормячым сабакам. Дыск добры, як для прыхільнікаў жанру, так і для неафітаў”, — рэзюмуюць удзельнікі “Всё Crazy”.
Папярэдні альбом гурта выйшаў на пачатку 2013 года і называўся “Телипыч”, па мянушцы сябра музыкаў, які праплаціў запіс. Новы дыск “Всё Crazy” выдалі ўжо сваімі сіламі і цалкам змянілі падыход да запісу.
“Вынік “Телипыча” нам не спадабаўся, — прызнаецца Сір. — Бо ён атрымаўся вельмі гладкім… такі, ні пра што, карацей. А гэты альбом ад папярэдніка адрозніваецца літаральна ўсім. І калі папярэднік быў вылізаны і стэрыльны, то гэты альбом брудны, як старая партовая прастытутка. Я маю на ўвазе агульнае гучанне і канцэпцыю”.
Да таго ж, каб прытрымлівацца абранай стылістыкі, “Всё Crazy” вырашылі пашырыць склад. Да класічнага складу інструментаў дадаліся валынка, баян, скрыпка ды мандаліна. Канцэртная прэзентацыя альбома адбудзецца ўжо сёння, 17 сакавіка ў клубе Beer&Wine на вечарыне, прысвечанай Дню святога Патрыка. Далей музыкі плануюць наведаць з новай праграмай Маладзечна, Гродна, Гомель і Кіеў.
Каб не адцягваць, “Всё Crazy” ўжо цяпер пачалі працу над новым матэрыялам, якога, па словах Сіра, хопіць яшчэ на тры альбомы. Пра пачатак запісу пакуль гаворкі не вядзецца.