Прэзентацыя на Еўрарадыё: cінгл "Я скакала" ад гурта Jar і Алеся Ката-Зайцава

Прэзентацыя на Еўрарадыё: cінгл "Я скакала" ад гурта Jar і Алеся Ката-Зайцава

Дуэт Jar і лідар гурта Bosae Sonca Алесь Кот-Зайцаў прадстаўляюць на Еўрарадыё сумесную версію вядомай беларускай народнай песні "Я скакала". 


Справа была такая. Сёлета беларускія музыкі сустрэліся на 25-м па ліку нямецкім фестывалі воркшопаў Singetreffen-2015 у Цюрынгіі. Цягам пяці фестывальных дзён разам тусаваліся, вучылі немцаў беларускім народным песням і адначасова рабілі сумесную праграму, каб выступіць у адзін з вечароў. 


"Песня "Я скакала" разам з "Купалінкай" былі першымі, якія мы развучылі з публікай 12 гадоў таму, калі ўпершыню прыехалі на фэст. Яны вельмі палюбіліся немцам і сталі сапраўднымі хітамі фэсту, — распавядае вакалістка гурта Jar Маша Калеснікава. — Таму, натуральна, у межах святкавання 25-годдзя фестывалю хацелася выканаць іх яшчэ раз разам з усімі. І нам вельмі спадабалася, якой атрымалася "Я скакала" — свежай і пазітыўнай, нягледзячы на яе драматызм. Таму захацелася зафіксаваць гэты настрой".

 

Для Алеся Ката-Зайцава, лідара гурта Bosae Sonca, "Я скакала" — першы досвед працы з фальклорам: 


"Мне падаецца, што я не здолеў перажыць песню настолькі, наколькі, магчыма, трэба. Бо, напэўна, сапраўды, фальклорная музыка — гэта нешта больш глыбокае, яе цяжэй перажываць, чым поп ці рок, дзе ёсць аголеная эмоцыя, якую проста ўхапіць за хвост. Але так ці інакш, гэта добры досвед і, спадзяюся, першы крок, які штурхне мяне ў свет фальклорнай беларускай музыкі. Таму што гэта мяне заўжды цікавіла, па шчырасці, але не было нагоды дакрануцца да гэтага і папрацаваць з такім матэрыялам".

 

Прэзентацыя на Еўрарадыё: cінгл "Я скакала" ад гурта Jar і Алеся Ката-Зайцава

Пра дуэт Jar не было чуваць фактычна з 2008 года. Цяпер ён вяртаецца ў абноўленым складзе (замест віяланчэлісткі Наталлі Пятровіч гучыць бас-гітара Аляксандра Вернага ("Фляус и Кляйн"). У "Яры" Аляксандр упершыню прафесійна сутыкаецца з этна-музыкай як басіст, аранжыроўшчык і прадзюсар.


"Не хацелася з простай песні рабіць складаную", — кажа Аляксандр пра галоўны крытэр падыходу да аранжыроўкі. Але, падкрэслівае музыка, "Я скакала" — гэта не зусім тое, што цяпер робіць Jar, маўляў, з "Ярам" усё будзе значна складаней.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі