Прэзентацыя на Еўрарадыё: дэбютны EP мантра-праекта Soulkitchen (аўдыё)

Адзіны ў сваім родзе беларускі мантра-праект Soulkitchen прэзентуе на Еўрарадыё сінгл "Lokah". У самы першы рэліз каманды ўвайшлі дзве аўтарскія версіі мантр "Lokah" і "Hari bol", выкананыя ў стылі psychedelic world music.

“"Lokah" — гэта мантра, якую варта прамаўляць кожны дзень, яна натхняе на дапамогу іншым і спрыяе самаўдасканаленню, — каментуе абраныя трэкі для дэбюту заснавальніца гурта Дар'я Юрчанка. — Даслоўна яе можна перакласці так: няхай усе жывыя істоты будуць шчаслівыя. Другі трэк — "Hari bol" (Radha ramana) — дапамагае ў ачышчэнні ад грахоў і спальванні дрэннай кармы, накіроўваючы свядомасць да вечнасці і асалоды. Гэта два кіты, на якіх трымаецца ўся наша творчасць, калі разважаць пра змест. Калі ж з пункту гледжання музыкі разважаць, то менавіта з гэтых мантраў мы пачыналі, і менавіта іх даўжэй за ўсё выконваем. Таму атрымліваецца ўсё лагічна".

Планавалася, што на рэліз трапіць і яшчэ адна мантра “Moolа”, якую нават запісалі, але не паспелі давесці да розуму. Таму трэк будзе прэзентаваны крыху пазней. “Moolа” стане другім і апошнім папярэднікам дэбютнага альбома Soulkitchen, выхад якога запланаваны на гэты год.

Праект Soulkitchen створаны на базе хатняга гуртка па вывучэнні мантр. Заснавальніцай стала Дар'я Юрчанка, родная сястра вядомай тэлевядучай і радыёдыджэйкі Каці Пытлевай. Абедзве дзяўчыны з’яўляюцца асноўнымі вакалісткамі гурта. За тры гады існавання праект выступіў на фестывалях "Trolley", "Вольнае паветра", "Сунiчны джэм", "Караван" і даў некалькі сольных канцэртаў у Мінску і Віцебску.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі