Прэзентацыя на Еўрарадыё: J-J Bingz прэзентуюць актуальную песню “Вставай”

Мінскі гурт J-J Bingz прэзентуе песню “Вставай”, якая стала рэакцыяй на сусветныя падзеі апошніх месяцаў.


“Мне падаецца, яна акурат да места прыходзіцца, — тлумачыць рашэнне прэзентаваць менавіта гэты трэк лідар гурта Слава Жук. — Я разважаў наконт таго, што цяпер адбываецца ў свеце. А людзі нічога не жадаюць рабіць, груба кажучы, проста сядзяць цэлымі днямі па офісах, за камп’ютарамі і назіраюць… Мяне гэта вельмі прыгнятала і напісаўся верш, які, натуральна, пераўтварыўся ў песню. У тэксце няма нічога жыццярадаснага, як звычайна ў нас бывае, таму і музыка атрымалася крыху больш цяжкай, чым звычайна”.

Па прызнанні Славы, цалкам магчыма, што J-J Bingz увогуле цяпер будуць працаваць у такой “больш дарослай і асэнсаванай” манеры. Але на новым альбоме хопіць і больш звыклых вясёлых трэкаў. Цяпер музыкі напрацоўваюць матэрыял, які жадаюць прадставіць яшчэ ў 2014 годзе.


Паслухаць песню “Вставай” і яшчэ некалькі абсалютна новых трэкаў можна будзе 24 красавіка на вялікім сольным канцэрце гурта ў Re:Public. Адмыслова да яго музыкі падрыхтавалі два моцныя сэты, якія будуць складацца выключна з баевікоў J-J Bingz. “Каб было моцна, гучна і драйвова, нават давялося павыкідаць з праграмы хітовыя, але занадта лірычныя і павольныя песні,” — прызнаецца Слава.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі