Прэзентацыя на Еўрарадыё: “На хоккей” ад гурта “Ребус Нелишних” (слухаць)

Мінскі фанк-гурт “Ребус Нелишних” прэзентуе на Еўрарадыё песню “На хоккей”. Музыкі называюць яе “фантасмагорыяй, нагрувашчаннем мудрагелістых выяваў, якія некаторыя ўспрымаюць, як гратэск і сумбур, а некаторыя, як норму”. Таму ўсё залежыць выключна ад асабістых праекцый і перакананняў.


“Песня была напісаная даўно, без прывязкі да Чэмпіянату свету па хакеі, — сцвярджае лідар гурта Вілен Клімкін. — Але менавіта напярэдадні вялікай спартакіяды мы вырашылі дастаць гэты хіт з засекаў. Звычайна мы выконваем больш мяккую музыку, больш такі танцавальны фанк. А гэты трэк я б назваў хард-фанкам — у яго крыху олдскульны, гаражны гук. Таму і выдаём яго асобным сінглам, але ў поўнафарматнік песня таксама трапіць”.


Запіс сінгла “На хоккей” праходзіла ў студыі Vintage Mixing. Звядзенне і майстарынг рабіў стары сябра музыкаў Анатоль Шманай, які раней працаваў над трэкамі гуртоў “Одним Днём” і “Дядюшкин сон”, “а таму ведае як мусіць гучаць гэтая кампазіцыя”, — дадае Вілен.


Цяпер музыкі працуюць над трэкамі ЕР на студыі “Forz”, які плануюць выдаць да канца вясны. Тады ж “Ребус Нелишних” абяцаюць пачаць актыўную канцэртную дзейнасць і працу над дэбютным лонгплэем.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі