Прэзентацыя на Еўрарадыё: Песня “Молодость” ад гурта U.G.Oslavia (слухаць)
Трэк з’яўляецца прадвеснікам дэбютнага альбома “Странные люди”, але абсалютна не характарызуе яго.
Гурт U.G.Oslavia прэзентуе на Еўрарадыё сінгл “Молодость” з дэбютнага альбома “Странные люди”. Праўда, ні гэтая песня, ні любая іншая не здольныя хоць неяк ахарактарызаваць будучы дыск, бо ўсе 13 трэкаў вельмі рознапланавыя і стылістычна, і эмацыйна, прызнаецца вакалістка гурта Юлія Багаслаўская.
“Я выбрала гэты трэк, бо маладосць у мяне асацыюецца з вясной, — тлумачыць спявачка. — Ну, і я вельмі люблю гэтую песню, яна шмат каму падабаецца. Вельмі шмат свайго ўнуранага я ў яе ўнесла, бо баюся людзей, якія раптам пачынаюць сталець. Нядаўна ты сядзеў з імі на адной лаўцы і прыкалваўся, а цяпер яны сталі такімі сур’ёзнымі, што няма пра што паразмаўляць. Песня акурат пра тое, што не варта губляць унутранае дзіця. Безумоўна, жыццё і праблемы нас змяняюць, але нельга адмаўляцца ад дзіцячага шаленства”.
Таксама сінгл “Молодость” закліканы сказаць, што гурт U.G.Oslavia жыве, проста часова "спусціўся ў сутарэнні". Справа ў тым, што калектыў цалкам змяніў склад і цяпер патрэбны час, каб новыя музыкі ўзнялі матэрыял.
Дэбютны альбом “Странные люди” ўжо цалкам гатовы і чакае прэзентацыі. Праўда, калі яна адбудзецца, пакуль не паведамляецца. Дарэчы, Юлія не адмаўляе, што да выхаду паўнафарматніка ў інтэрнэце з’явяцца яшчэ некалькі сінглаў.