Прэзентацыя на Еўрарадыё: сінгл “Гуантанама” ад Nizkiz
Гэта першая песня гурта на беларускай мове.
Музыканты адзначаюць, што “Гуантанама” нарадзілася ў іх даволі хутка і натуральна.
“Дзве-тры рэпетыцыі максімум — і песня была гатовая. Мы вельмі задаволеныя, што ўсё атрымалася так натуральна і без “пакутаў творчасці”. Нам самім падабаецца гэтая песня”, — распавядае бубнач гурта Зміцер Халяўкін.
Штуршком для напісання першай беларускамоўнай кампазіцыі стаў сумесны выступ з бярозаўскім гуртом :B:N:. Каб не згубіць вобразы і настрой сваіх кампазіцый, гурт вырашыў не звяртацца да папулярнага сёння спосабу — перакладу песні з адной мовы на іншую, а стварыць новую.
“Шчыра кажучы, я б не хацеў, каб песні, якія я некалі напісаў, перакладаліся на іншую мову, бо першапачаткова я ўсё ж укладаў у іх нейкія свае пажаданні і думкі, — тлумачыць фронтмэн каманды Аляксандр Ільін. — Ды я і не адчуў бы тых жа самых эмоцый у перакладзенай песні”.
Нагадаем, цяпер Nizkiz працуюць над другім студыйным альбомам. Чакаецца, што пласцінка ўбачыць свет у сакавіку. “У новым альбоме беларускамоўных песень пакуль няма. Але ў любы момант усё можа змяніцца, — інтрыгуе Зміцер Халяўкін. — Калі нехта з музыкаў прынясе цікавую ідэю — без праблем!”
Аляксандр Ільін жа ставіцца да моўнага пытання больш сур'ёзна:
“Асабіста для мяне беларускамоўны альбом — вышэйшая ступень унутранага дасягнення і ўсведамлення сябе. Гэтыя ўнутраныя адчуванні значна глыбейшыя, чым проста аддаць даніну мове”.
Паслухаць на жыва “Гуантанама” ды іншыя новыя кампазіцыі можна будзе падчас канцэрта Nizkiz у сталічным TNT 14-га снежня і ў магілёўскім клубе “Куба” падчас сумеснага канцэрта з гуртом “Мутнаевока” 21-га снежня.
Фота: з архіва гурта