Прэзентацыя на Еўрарадыё: сінгл “Упасці” гурта Hurma (слухаць)
Гурт Hurma прэзентуе на Еўрарадыё песню “Упасці”, якая можа цалкам змяніць звыклае гучанне калектыву.
“Песня з новым настроем, новым гучаннем і глытком новага паветра, — распавядае лідар калектыву Мікіта Найдзёнаў. — Гэта першая такая рамантычная песня, бо папярэднія былі больш трагічныя і сумныя. Яна пра тое, што кожны павінен упасці ў каханне. Магчыма, што гэта будзе новы такі кірунак у нашай творчасці і цяпер мы будзем пісаць больш шчаслівыя і усмешлівыя песні… магчыма”.
Запіс — Павел Сініла.
Звядзенне і мастэрынг — Уладзіслаў Пашкевіч.
Цяпер музыкі рыхтуюць кліп на песню “Упасці”, ужо напісаны сцэнарый і нават адзнятыя некаторыя кадры. Аператарам выступіў Аляксандр Алейнікаў. Рэжысёрам — Арцём Лобач, які і раней супрацоўнічаў з гуртом, а таксама здымаў відэа для J:Mopc, Akute ды Vinsent.
“Гэта будзе кліп з нашым удзелам, але і з запрошанымі, магчыма, непрафесійнымі акцёрамі, — распавядае пра будучае відэа Мікіта. — Скажу, што гэта будзе самы паветраны кліп, бо ў ім людзі будуць падаць! Падаць у каханне, ці проста падаць і завісаць у паветры”.
Але для працягу працы неабходна каля 10 мільёнаў беларускіх рублёў, якія Hurma паспяхова збірае на краўдфандынгавай платформе “Улей”. Да канца праекту засталося шэсць дзён, ужо сабрана больш за 60% патрэбнай сумы. Назбіраныя грошы плануецца выдаткаваць на арэнду камеры, працу рэжысёра, аператара і тэхнічных супрацоўнікаў. Усім, хто паўдзельнічае ў зборы сродкаў, музыкі прапануюць падарункі: ад паштоўкі і ўрока ігры на гітары да удзелу ў запісе ці тэксту песні ў падарунак ад Мікіты.
Каб нагадаць пра сябе напярэдадні выдання кліпа, музыкі рушаць у невялічкі тур па Беларусі.
“Па ўсіх гарадах, апроч Мінска, гэта будуць акустычныя канцэрты: гітара, кахон, шэйкер, бас, — распавядае лідар Hurma. — Мы падрыхтавалі старыя песні ў новых аранжыроўках, а таксама будзем выконваць і абсалютна новыя песні. У Мінску мы сыграем тую ж саму праграму, толькі ў электрычнасці. Магчыма, будуць запрошаныя госці і, верагодна, будзе больш новых песень”.
Міні-тур ахопіць шэсць гарадоў: Брэст (22.04), Віцебск (30.04), Гродна (08.05), Маладзечна (21.05), Магілёў (22.05) і Мінск (25.05). Сталічны канцэрт пройдзе ў клубе "Брюгге".