Прэзентацыя на Еўрарадыё: трэк №4 з "Числительные/Numerals" ад Drum Ecstasy

Drum Ecstasy прэзентуюць на Еўрарадыё чацвёрты трэк новага ЕР "Числительные/Numerals" "1234".


"Мы заўсёды пачынаем на лік раз-два. А гэта адзіная песня, якую мы лічым на раз-два-тры-чатыры", — тлумачыць чатырохзначную назву песні лідар гурта Філіп Чмыр.


Паводле слоў Філіпа, "1234" — самая кінематаграфічная песня міні-альбома:


"Адразу чуваць, што яна зроблена для кіно. У канцэртным варыянце яна выглядае па-іншаму. А вось менавіта як фанаграма яна зроблена з трох частак. Калі мы яе пісалі, мы ўяўлялі тры карцінкі, вось так тры карцінкі і атрымалася".


Нагадаем, "Числительные/Numerals" — новы ЕР Drum Ecstasy. Цягам паўтара месяца музыкі выкладаюць на Еўрарадыё 5 трэкаў пласцінкі і паралельна граюць 5 прэзентацыйных канцэртаў. Першапачаткова песні ЕР пісаліся як саўндтрэк для фільма. Аднак пазней каманда вырашыла адмовіцца ад удзелу ў стужцы і зрабіць самастойную працу.


Апошні трэк "Числительных" з'явіцца праз тыдзень. А 7 снежня Drum Ecstasy граюць апошні з пяці канцэртаў у Кіеве на разагрэве "Ляпіса Трубяцкога".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі