Прэзентацыя на Еўрарадыё: трэк “Я знаю” з новага альбома TT-34 (слухаць)
Гурт ТТ-34 прэзентуе на Еўрарадыё першы трэк са свайго будучага альбома. Песня атрымала назву “Я знаю” і па словах музыкаў пакуль з’яўляецца адзінай цалкам гатовай.
“Асобных сінглаў мы не плануем, — распавядаюць ТТ-34. — Але паступова гатовыя песні будуць выкладвацца ў сеціва. Таксама для аматараў мець любімую музыку на фізічных носьбітах плануецца і выданне абмежаванага накладу дыскаў з адпаведным афармленнем і дыстрыбуцыяй. Выхад новага альбома прызначаны на кастрычнік-лістапад. Але ён яшчэ не атрымаў назву, гэта адбудзецца ў апошні момант, як заўсёды і бывае”.
Падчас працы над альбомам у калектыве змяніўся бас-гітарыст. У выніку з першапачатковага складу ў ТТ-34 засталіся толькі два ўдзельнікі, гітарыст Сяргей Кузьмянкоў ды бубнач Аляксей Смірноў. Музыкі папярэджваюць, што змянілася і гучанне калектыву, і гэта заўважна ужо па першай прэзентаванай песні.
Альбом пісаўся на працягу года ў трох розных студыях Гомеля у некалькі сесій. Увесь матэрыял ужо адпісаны за выключэннем вакалу для песні “Надежда”. Яго плануецца запісаць у верасні. Цяпер усе трэкі зводзяцца. Прыхільнікам Аляксандра Пацёмкіна музыкі ТТ-34 абяцаюць прыемны сюрпрыз, бо некаторыя песні альбома прагучаць менавіта ў выкананні былога вакаліста гурта.
Будучы дыск будзе складацца з 11 трэкаў: “Интро”, “ПЗДЦ”, “Ойра”, “Иной”, “Я знаю”, “Родина”, “Аэростаты”, “В последний раз”, “Два шага”, “Надежда”, “Амёба”.