Прэзідэнта Партугаліі просяць не лабіраваць зняцце санкцый з "Беларуськалія"

"Беларуськалій" / Еўрарадыё
"Беларуськалій" / Еўрарадыё

Дэпутаты Еўрапарламента, а таксама нацыянальных парламентаў краін Еўрасаюза і ЗША звярнуліся да прэзідэнта Партугаліі Марсэлу Рэбелу дэ Соўзы, піша "Зеркало". У сваім лісце 59 дэпутатаў просяць не дапускаць паслаблення санкцый у дачыненні да калійных угнаенняў з Беларусі.

На думку падпісантаў ліста (пераважна гэта дэпутаты Еўрапарламента і польскага Сейма), зняцце санкцый з "Беларуськалія" можа не толькі пагоршыць сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, але і дасць фінансы Лукашэнку і Пуціну. Расія, як пішуць дэпутаты, часта выкарыстоўвае Беларусь для абыходу санкцый.

Аўтары ліста прызнаюць, што сітуацыя на сусветным і еўрапейскім рынках прадуктаў харчавання няпростая. Але яны звяртаюць увагу на тое, што кошты на рынку ўгнаенняў не знаходзяцца на піку і зніжаюцца. "Акрамя таго, няма рызыкі недахопу калійных угнаенняў у ЕС і ў іншых краінах, якія падтрымліваюць санкцыі супраць Беларусі. Такім чынам, лічым неправамерным той аргумент, што выхад "Беларуськалія" ды іншых беларускіх кампаній угнаенняў з сусветнага харчовага рынку наносіць шкоду эканоміцы. Наадварот, мы лічым, што патэнцыйны прыбытак ад удзелу "Беларуськалія" ў еўрапейскіх рынках зноў будзе служыць варварскім мэтам Лукашэнкі і Пуціна", — гаворыцца ў звароце.

Дэпутаты заяўляюць таксама, што ёсць дакументальна пацверджаныя звесткі пра вываз 2000 дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны ў некаторыя з беларускіх дзіцячых летнікаў. Сярод іх фігуруе і летнік "Дуброва", што належыць "Беларуськалію". Па звестках дэпутатаў, дзяцей туды прывозілі тройчы з санкцыі Лукашэнкі. У гэтым браў удзел і кіраўнік "Беларуськалія" Іван Галаваты.

На думку дэпутатаў, зняцце санкцый з "Беларуськалія" і іншых беларускіх кампаній з гэтай галіны супярэчыць знешнепалітычнай лініі ЕС і "падрывае каштоўнасці, якія мы ўсе падзяляем".

Раней паведамлялася, што скасаванне санкцый ЕС у дачыненні да "Беларуськалія" вядзецца ў інтарэсах Бразіліі. Адным з лабістаў неафіцыйна называюць Партугалію. Напрыканцы траўня Святлана Ціханоўская правяла перамовы з міністрам замежных спраў Партугаліі Жуанам Кравіньё. Галоўнай тэмай размовы былі санкцыі супраць паставак беларускіх калійных угнаенняў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі