Пры ДТЗ з "хуткай" у Мінску памерла цяжкахворая пацыентка
Лекары не змаглі выратаваць цяжкахвору пацыентку з "хуткай", якая трапіла сёння ў ДТЗ на вуліцы Багдановіча. Пра гэта агенцтву БЕЛТА распавяла старшы інспектар па агітацыі і прапагандзе аддзела ДАІ Цэнтральнага РУУС Настасся Радзько.
Як паведамляла Еўрарадыё, аварыя адбылася на скрыжаванні вуліц Багдановіча і Камуністычнай. У "хуткую", якая ехала ў лякарню з уключанымі сірэнамі і пробліскавымі маячкамі, урэзаўся аўтамабіль "Лада". Ад удару аўтамабіль "хуткай" паваліўся на "Сітраен", які стаяў перад светлафорам, а потым перакуліўся.
Пры ДТЗ кіроўцы і медыкі атрымалі траўмы. Цяпер спецыялісты высвятляюць абставіны здарэння. "Пакуль складана сказаць, ці смерць пацыенткі наступіла ў выніку аварыі або ад наяўнага захворвання", — адзначыла Настасся Радзько. Па яе словах, дзеянні кіроўцы хуткай ды іншых удзельнікаў дарожнага руху атрымаюць належную ацэнку.
Па факце аварыі праводзіцца праверка.