Пры МЗС ствараецца экспертны савет з незалежных палітолагаў

Фармат супрацоўніцтва паміж экспертнай супольнасцю і МЗС Беларусі абмеркавалі незалежныя палітолагі на сустрэчы з міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем 21 студзеня. У гэтай “арганізацыйнай” сустрэчы бралі ўдзел прадстаўнікі розных структур — ад акадэмічных экспертаў з такіх устаноў, як факультэт міжнародных адносін БДУ, і да палітолагаў з Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў і “Цытадэлі”. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў кіраўнік Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў Арсеній Сівіцкі.

Сівіцкі: “Я не думаю, што карані стварэння гэтага савету трэба шукаць у спробах прасоўвання нейкай лібералізацыі ці дэмакратызацыі. Мне здаецца, што гэта спроба прасоўваць такія традыцыйныя для Захаду і не толькі практыкі супрацоўніцтва паміж Міністэрствам замежных спраў і экспертнай супольнасцю”.

Па словах Сівіцкага, яны заўжды накіроўвалі ў МЗС вынікі сваіх даследаванняў і экспертыз, але ніколі не атрымлівалі адказу, ці былі ўлічаныя нейкім чынам высновы экспертаў Цэнтра. Цяпер, кажа суразмоўца Еўрарадыё, праз удзел у Экспертным савеце пры МЗС такая зваротная сувязь у палітолагаў і дыпламатаў будзе і да іх прапаноў у МЗС будуць ставіцца больш уважліва.

Дарэчы, сярод запрошаных да міністра Макея верагодных сяброў будучага экспертнага савета не было прадстаўнікоў такіх аналітычных структур, як BISS ці “Ліберальны клуб”. Гэтыя структуры працуюць пераважна ў “заходнім, еўрапейскім кірунку”. Арсеній Сівіцкі раіць не шукаць у гэтым праявы таго, што МЗС найперш цікавіць “усходні кірунак”. Маўляў, былі запрошаныя прадстаўнікі тых структур, якія раней тым ці іншым чынам супрацоўнічалі са знешнепалітычным ведамствам, сутыкаліся з яго прадстаўнікамі на канферэнцыях ці семінарах.

Калі будзе наступная сустрэча палітолагаў з міністрам Макеем, невядома. Але па словах Сівіцкага, іх запэўнілі, што такія сустрэчы стануць рэгулярнымі. Праўда, яшчэ не вызначана, у якім фармаце будуць супрацоўнічаць дыпламаты і эксперты.

Фота з сустрэчы — mfa.gov.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі