Пры паступленні ў ВНУ будуць тэставаць не толькі веды, а і асабістыя якасці

Менавіта такія змены сваім чарговым указам Аляксандр Лукашэнка ўнёс у правілы паступлення ў ВНУ. Каб паступіць на прэстыжныя факультэты, не давядзецца, як меркавалася, атрымоўваць рэкамендацыі ад выканкамаў, але замест гэтага абітурыенты будуць праходзіць профільна-псіхалагічнае сумоўе ці тэставанне. Таксама адмененыя ўсе ўнутраныя іспыты па дысцыплінах, па якіх ёсць ЦТ (да прыкладу, па біялогіі будзе толькі тэст, а раней можна было здаваць іспыт і ўнутры універсітэта). Унутраныя іспыты пакідаюць толькі па беларускай і рускай літаратурах, творчасці і фізкультуры, і форма іх правядзення паводле гэтых правілаў будзе вызначацца прыёмнай камісіяй ВНУ.

У дадатак, жадаючыя стаць журналістамі, эканамістамі, юрыстамі ці спецыялістамі-міжнароднікамі будуць вымушаныя прайсці профільна-псіхалагічнае сумоўе ці тэставанне ў ВНУ.

Вытрымка з указа:
“У конкурсе на атрыманне вышэйшай адукацыі па спецыяльнасцях, да якіх прад’яўляюцца асаблівыя патрабаванні, “дзяржаўнае кіраванне”, “дзяржаўнае кіраванне і эканоміка”, “міжнародныя адносіны”, “міжнароднае права”, “правазнаўства”, “эканамічнае права”, “журналістыка”, “міжнародная журналістыка”, “мытная справа” маюць права ўдзельнічаць асобы, якія прайшлі прафесійна-псіхалагічнае сумоўе ці тэставанне ў ВНУ у парадку, вызначаным Міністэрствам адукацыі”.


Кіраўнік камісіі па адукацыі Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Здановіч так пракаментаваў гэтае рашэнне:

Уладзімір Здановіч: “Я вельмі станоўча ўспрыняў гэтую норму ў дадзеным дакуменце. Усё ж такі вельмі добра, што меркаванне камісіі наконт таго, што не трэба было ўводзіць, як мы раней казалі, індульгенцыю на паступленне на ўзроўні выканкамаў і школаў ці там мясцовых органаў, было ўлічанае. І вырашаюць пытанне менавіта праз тэст ці там сумоўе на ўзроўні вышэйшых навучальных установаў”.

Цікава, што асноўнае значэнне гэтага тэсту спадар Здановіч бачыць у тым, каб даваць уяўленне пра абітурыента як чалавека

Уладзімір Здановіч: “Да гэтага, давайце прызнаем, пры паступленні падаваліся тэсты, адзнакі. І за імі не было бачна самога чалавека. Хто ж паступае ў ВНУ? А гэта вельмі важна для далейшага навучання, каб не дарма выкідаць грошы на падрыхтоўку дадзенага чалавека”.

Мы паспрабавалі высветліць, як жа будуць стварацца гэтыя цуда-тэсты, якія мусяць вызначыць, ці варты чалавек таго, каб яго вучыць. Аднак гэтага рашэння пакуль няма. Спадар Здановіч сказаў толькі, што пры іх стварэнні будзе выкарыстоўвацца досвед тэстаў на прафпрыдатнасць. Таксама дадаў, што па кожнай прафесіі ёсць шэраг патрабаванняў і менавіта яны і будуць закладацца ў якасці асновы да тэстаў. Праўда, якія менавіта патрабаванні, спадар Здановіч не ўдакладніў, таму мы папрасілі яго назваць такія патрабаванні, напрыклад, да будучых юрыстаў.

Уладзімір Здановіч: “Я лічу, што юрыст мусіць быць перш за ўсё сумленным. Гэта падстава, і яе можна высветліць з дапамогай тэстаў”.

На заўвагу, што такія катэгорыі, як сумленны-несумленны, добры ці дрэнны, дастаткова суб’ектыўныя, спадар Здановіч запэўніў, што сучасныя тэсты і не з такім спраўляліся.

У любым выпадку, вынікі гэтых тэстаў, у адрозненне ад ЦТ, можна абскардзіць і, калі верыць Уладзіміру Здановічу, вашую скаргу разгледзяць на працягу аднаго дня, збяруць міжведамасную камісію, якой вы і зможаце даказаць, што вы і добры, і сумленны.

У ВНУ пакуль адмаўляюцца каментаваць новыя правілы. На большасці факультэтаў, куды мы датэлефанаваліся, нам сказалі, што пакуль правілы не чыталі і нічога не могуць сказаць. А вось дэкан эканамічнага факультэта БДУ Міхаіл Кавалёў увогуле сказаў, што яго факультэта гэтыя новаўвядзенні не тычацца і яны няблага жывуць і з тэстамі:

Кавалёў: “На мой факультэт ужо пяць год паступаюць выключна па выніках тэстаў і сярэднім бале атэстату, і мяне гэта вельмі і вельмі задавальняе, таму што мы заўважылі поўную карэляцыю паміж сярэднім балам за тэсты і тымі адзнакамі, якія яны ў нас атрымоўваюць”.

Цікава, што ў свой час іспыты замянілі тэстамі менавіта дзеля таго, каб пазбавіцца “чалавечага фактара” і дадаць аб’ектыўнасці паступленню.

Фота — www.gubkin.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі