Прысуд Лобаву і Дашкевічу будзе абвешчаны заўтра
Пракурор патрабуе асудзіць Лобава на 5 гадоў строгага рэжыму, а Дашкевіча на 3 гады калоніі. Суд па справе Ліхавіда працягнецца ў чацвер у 10.00.
Суд над Ліхавідам.
19:00 Суддзя спыніла чытанне матэрыялаў справы. Наступнае паседжанне суда па справе Мікіты Ліхавіда пачнецца заўтра, 24 сакавіка, а 10.00.
18:45 Пракурор зачытаў пратакол ператрусу ў кватэры Ліхавіда. Паводле яго, быў выняты камп'ютар, нотбук, DVD-дыскі, 17 асобнікаў улётак.
18:12 Паводле матэрыялаў справы, на рэчах, знойдзеных на Плошчы, ёсць дастаткова шмат адбіткаў пальцаў. Аднак большасць з іх непрыдатныя для ідэнтыфікацыі асобы.
18:00 Пракурор зачытвае спіс рэчаў, знойдзеных на Плошчы Незалежнасці. Сярод іх пераважна бутэлькі ад вады "Банаква", сцягі, тронкі ад іх, вуды. Таксама на Плошчы, паводле пратаколу, было знойдзена 65 кавалкаў арматуры, фрагмент трубы, два ледарубы, драўляныя палкі.
17:47 На гэтым допыт сведкі скончыўся. Пракурор агалошвае матэрыялы справы.
17:45 Таксама Мікіта Ліхавід паведаміў суддзі, што бачыў Багданава ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. Са словаў Мікіты, Багданаў хадзіў па калідоры Цэнтра з кіпай папераў. На Багданаву не было міліцэйскай формы, ён быў апрануты ў чорнае.
17:42 Ліхавід задае пытанні Багданаву. Спрабуе высветліць, як і калі Багданаў афармляў яго ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. Багданаў не дае канкрэтных адказаў. Кажа толькі, што памятае "дзіцячы твар" Ліхавіда. Сам Мікіта сцвярджае, што Багданаў не затрымліваў яго і нават не складаў пратакол. Ліхавід кажа, што памятае таго, хто яго "афармляў". І што нават мае сведку - іншага затрыманага на Плошчы.
17:30 Багданаў паведаміў суду, адкуль зразумеў, што Ліхавід з'яўляецца ўдзельнікам беспарадкаў. Кажа, што зразумеў гэта, калі пабачыў падсуднага ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. Ён таксама кажа, што складаў пратакол на Ліхавіда грунтуючыся на тым, што бачыў на Плошчы, хоць самога Ліхавіда не бачыў.
Адвакатка запытала ў Багданава, ці разумее ён адказнасць за тое, што склаў пратакол затрымання з такімі вялікімі парушэннямі. Багданаў адказаў: "Не, не разумею".
17:25 Аказалася, што ў пратаколе, складзеным следчым падчас расследавання справы, запісана, што Багданаў паведаміў, нібыта з'яўляецца сведкам супрацьпраўных дзеянняў Ліхавіда. Адвакат указала на гэтае несупадзенне суддзі -- бо сёння Багданаў казаў, што не бачыў Ліхавіда на Плошчы.
17:22 Адвакатка спрабавала даведацца ў Багданава, што ён рабіў пасля таго, як пакінуў Плошчу: дзе афармляў пратакол на Ліхавіда. Суддзя ж палічыла, што гэтыя пытанні не тычацца справы і зняла іх.
17:20 Адвакат пытае ў Багданава, як ён праводзіў затрыманні. Аднак сведка кажа, што не памятае і не ведае, адкуль і куды ён вадзіў затрыманых: "У мяне з сабой не было хадамера".
17:05 Адвакатка працягвае допыт Багданава, аднак ён не адказвае на большасць пытанняў. Асабліва блытаецца ў тым, што, дзе і калі рабіў на Плошчы. «Там былі такія ўмовы, што адну хвіліну можна было адчуваць як паўгадзіны», — тлумачыць ён.
16:55 Адвакат запытала ў сведкі, якія дзеянні Ліхавіда ён назіраў на Плошчы Незалежнасці. Багданаў не адказаў на пытанне. Кажа, што памятае Ліхавіда толькі з пастарунка.
16:53 Пракурор апытвае Багданава, пытае, ці прымянялі спецназаўцы фізічную сілу, каб адціснуць дэманстрантаў ад прыступак Дама урада.
Сведка пацвярджае, што фізічная сіла прымянялася. Таксама Багданаў распавёў, што затрымліваў дэманстрантаў, а на Ліхавіда афармляў дакументы сам, уласнаручна.
Кажа, што Мікіта Ліхавід пасля затрымання паводзіў сябе спакойна.
16:48 Багданаў быў сярод тых спецназаўцаў, якія першымі падышлі да Дома урада, каб спыніць біццё шкла. Ён сцвярджае, што натоўп быў агрэсіўны — меў палкі, металічныя пруты, «фрагменты вудаў», вагнягаснікі.
16:45 Выкліканы сведка Аляксандр Багданаў. Ён кіроўца ПМСП.
16:41 Апытаныя ўсе пацярпелыя, прысутныя на пасяджэнні суда. Праўда, некаторыя спецназаўцы, учора заяўленыя як пацярпелыя, сёння ў суд не з’явіліся.
16:38 Адвакат падала хадайніцтва аб тым, што варта запісаць касету, адзнятую Кароўкам 19 снежня. Яна лічыць, што відэа можа быць карысным падчас працэса. Суддзя пастанавіла разгледзець хадайніцтва пасля апытання ўсіх пацярпелых.
16:35 Кароўка — адзіны з сведкаў, які пацвердзіў факт пагромаў. Іншыя спецназаўцы іх не бачылі. Кароўка ж сцвярджае, што бачыў як білі вокны, раскідалі смеццевыя бакі.
16:33 Адвакатка запытала ў Кароўкі, дзе дзелася запісаная ім на Плошчы Незалежнасці відэакасета.
Ён не змог адказаць, каму яе аддаў. Кажа, што не памятае.
16:26 Адвакат спрабуе высветліць у пацярпелага Кароўкі, ці бачыў ён Ліхавіда ля пабітых вокнаў Дома урада. Кароўка, які вольна перамяшчаўся па Плошчы, тэарэтычна мог бачыць падсуднага. Аднак Кароўка не змог сказаць, бачыў ён Ліхавіда ці не.
16:14 Пасля заканчэння акцыі Кароўка заўважыў, што ў яго пашкоджаны нос. Ён звярнуўся па дапамогу да медыкаў і быў шпіталізаваны на 4 дні, арматуры і ледарубаў ён не бачыў.
15:58 Наступны пацярпелы - Яўген Кароўка.
19 снежня ён быў у цывільным. Пачатку дэманстрацыі ён чакаў каля Макдональдса. Калі шэсце дайшло да яго, ён разам з усімі пайшоў на Плошчу Незалежнасці. Расказвае, што ён у цывільнай вопратцы, павінен быў фіксаваць правапарушэнні.
Ён вёў на Плошчы аператыўныя здымкі - быў з відэакамерай, расказвае, што ў нейкі момант людзі паставіліся да яго варожа і нехзта моцна ўдарыў яго па галаве - Кароўка нават страціў прытомнасць на некаторы час.
15:39 Наступны пацярпелы - Дзмітрый Міхалоў. Служачы ПМСП Мінгарвыканкама.
Міхалоў зброі - ні халоднай, ні агнястрэльнай - не бачыў. Кажа толькі, што бачыў на супрацоўніках ПМСП сляды выкарыстання парашковага вогнетушыцеля.
15:32 Суддзя папракнула адвакатку ў тым, што яна задае аднолькавыя пытанні пацярпеламу па некалькі разоў. Адвакат Дар'я Ліпкіна адказала: "Я хачу ва ўсім разабрацца. Не да канца разумею адказы пацярпелага". Узнікла кароткая спрэчка паміж адвакатам і суддзёй. Адвакат пасля гэтага папрасіла ўнесці ў пратакол заўвагі суддзі, якія яна лічыць неабрунтаванымі.
15:22 Новы пацярпелы.
Ён кажа, што калі рухаўся шэраг спецназа, ён згубіў свой шлем і атрымаў па галаве камнем ці кавалкам льда, якія дэманстранты кідалі ў спецназ, кажа, потым шлем знайшоў, і адзеў назад на галаву.
15:12 Пацярпелы: "Адзінае, што я бачыў - гэта як народ у кустарнік пабег. Напэўна, яны яго патапталі".
Ліхавід запытаўся ў Гушчы, чаму некаторыя супрацоўнікі нармальна чуюць цераз шлем, а некаторыя - не. Той адказаў, што гэта выклікана наладкамі гучнасці ў шлемафоне.
14:51 Суддзя пачала допыт пацярпелага Леаніда Гушчу.
Ён кажа, што бачыў ледаруб на Плошчы ўжо тады, калі натоўп разагналі. У руках дэманстарантаў ён не бачыў ніякіх прадметаў.
Пацярпелы кажа, што натоўп паводзіў сябе агрэсіўна - ад пагрозаў на адрас міліцыі да фізічнага гвалту. Але ён не назваў імёнаў спецназаўцаў, у дачыненні да якіх гвалт прымяняўся. Ён кажа, што людзі хацелі прарвацца да касцёла св. Сымона і Алены. Навошта, ён не ведае.
13:46 Абвешчаны перапынак да 14:45.
13:44 Ксяндзоў распавёў, што шэраг спецназа, у якім стаяў, не дазваляў людзям прайсці да метро. Падчас следства ён заявіў, што разам з калегамі не пускаў дэманстрантаў у Дом Урада. Суддзя і адвакат абмяркоўваюць гэту нестыкоўку.
13:34 Ліхавід пытаецца ў Ксяндзова, як дакладна садралі з яго шлем. Спецназавец тлумачыць, што шлем можна лёгка сарваць, пацягнуўшы яго ззаду ўверх.
13:29 Пачаўся допыт чарговага пацярпелага -- Ксяндзова. Ён расказаў, як яго білі на Плошчы: "Калі мы пашыхтаваліся ў шэраг, то група з 30 чалавек, маладых людзей, паспрабавала прарваць шэраг. Рабілі тры спробы. Падчас адной спробы ім удалося сарваць мой шлем і ўдарыць мяне ў твар".
13:26 Ліхавід спытаўся ў Лісоўскага, якім быз яго маральны стан на Плошчы. Той сказаў, што ўпершыню бачыў столькі людзей, адчуваў напружанасць. Прызнаў, што магчыма гэта стала прычынай галаўнога болю, з якім ён звярнуўся да лекара пасля разгону дэманстрацыі.
13:09 Наступны пацярпелы -- Васіль Лісоўскі. Ён не бачыў у дэманстрантаў зброі -- толькі палкі і пляшкі з вадой. Пра пагромы ён таксама нічога паведаміць не можа. Ліхавіда ён не ведае і на плошчы не бачыў. Ён пацвярджае словы іншых пацярпелых, што людзей з Плошчы разганялі ўнутраныя войскі. Спецназ толькі падзяліў натоўп на некалькі частак.
12:59 Ліхавід задаў пытанне спецназаўцу. Яго цікавіць, якім чынам пацярпелы мог атрымаць удар у правае калена ад дэманстрантаў, калі спецназ рухаўся двума шэрагамі, а пацярпелы быў ў у левым. Пацярпелы спецназавец не ведае дакладнага адказу. Ён лічыць, што дэманстранты кінулі нейкі прадмет, ён пралцяеў праз шжраг спецназа і ўдарыў пацярпелага ў калена. Пасля гэтага пытання Ліхавіда суддзя, пракурор і адвакат таксама зацікавіліся акалічнасцямі здарэння.
12:42 Пачынаецца допыт Вадзіма Смірнова -- спецназаўца ПМСП. Ён паведаміў, што дэманстранты выкрыквалі лозунгі "нехарошага характару -- Сыходзь!".
12:39 Парай бачыў у дэманстрантаў толькі драўляныя палкі і вудачкі. Заклікаў разысціся не чуў. Кажа, што на Плошчы Незалежнасці быў з 22 гадзіны да 3-й ночы. Пасля разгону сядзеў у аўтатранспарце. Парай расказаў, што пабачыў на ганку Дома Урада: "Калі я туды падышоў, то прыкладна 10 чалавек сканчалі біць шкло ў вокнах. Іх акружыл фотарэпарцёры, якія стараліся сфатаграфаваць разбітае шкло".
12:28 Пацярпелы Гушчык пагромаў і падпалаў не бачыў, да Ліхавіда прэтэнзій не мае -- ён яго на Плошчы не бачыў. Зараз пачынаецца допыт пацярпелага Сяргея Парая.
12:21 У спецназаўца, які сядзеў у першым шэрагу, гучна зазваніў тэлефон. У якасці рынгтона на ім была турэцкая этнічная мелодыя. Суддзя абурылася і загадала міліцыянеру выключыць тэлефон. "Так ён выключаны", - адказаў ён.
12.08 Гушчык расказаў, як спецназ упершыню выйшаў на плошчу Незалежнасці. Паводле яго словаў, спецназаўцы спрабавалі абараніць дзверы Дома урада і вельмі хутка забягалі на ганак. Аднак ён быў надзвычай слізкім і шмат хто з міліцыянтаў праслізгнуўся на ім і на ўласным шчыце з’язджаў у натоўп дэманстрантаў. Сяргей Гушчык таксама распавёў, што атрымаў удар ледарубам (адмысловай прыладай, прызначанай для збіцця лёду з ходнікаў). Пасля ўдару ён упаў.
12.05 Пачаўся допыт пацярпелага Сяргея Гушчыка. Спецназавец, камандуючы адным з адзялленняў ПМСН Мінгарвыканкама. Расказвае, што атрымоўваў каманды перамяшчацца паміж плошчай Незалежнасці і рэзідэнцыяй кіраўніка краіны.
12.02 Пацярпелы Тарасевіч, як і яго папярэднікі, пасля дачы паказанняў папрасіў суддзю адпусціць яго. Просьбу суддзя Пыкіна сустрэла эмацыйна: "Вы так зараз усе сыдзіце! Хто застанецца. Можна адпрошвацца з паседжанняў толькі ў выключным выпадку". Аднак сысці Тарасевічу ўсё ж дазволіла.
11.57 Пацярпелыя спецназаўцы задрамалі. У залі суда канчаткова запанавала ціша -- гэта кардынальна адрознівае сённяшняе паседжанне ад учарашняга, калі суддзя тройчы супакойвала міліцыянтаў, якіх вельмі весялілі паказанні сваіх калег.
11.50 Пачынаецца допыт пацярпелага Тарасевіча. Тарасевіч, як і некаторыя іншыя спецназаўцы, расказвае што напачатку яны ахоўвалі рэзідэнцыю Лукашэнкі. Кажа, што пасля пачатку штурма Дому Урада ім паступіла каманда перамясціцца на плошчу Незалежнасці і адцясніць дэманстрантаў ад дзвярэй будынка.
11.45 Суддзя вынесла папярэджанне адвакатцы Д.Ліпкінай. Апошняя спрабавала высветліць, якім чынам спецназ праводзіць рассяканне натоўпу, ці прымяняе пры гэтым фізічную сілу. Пракурор угледзеў у пытанні адваката націск на пацярпелага і прапрасіў суддзю пакараць Д.Ліпкіну папярэджаннем.
11.42 Жызнеўскаму дэманстранты на плошчы Незалежнасці нанеслі "ушыб рэбраў". Аднак пагромаў і зброі ў іх руках ён не пабачыў. Што праўда чуў, як мітынгуючых прасілі разісціся.
11.35 Судззя выклікала наступнага пацярпелага — спецназаўца Сяргея Жызнеўскага. Ён Ліхавіда таксама не пазнаў. Кажа, што незнаёмы з ім, упершыню пабачыў учора.
11.18 Адвакат Ліпкіна запытала ў Палавінкіна, што рабілі дэманстранты на плошчы Незалежнасці. Ён расказвае: "Размаўлялі паміж сабой, гукалі лозунгі, махалі сцягамі, больш нічога". "Вы бачылі пагромы, сутыкненні з міліцыяй?", — пытае адвакат? "Не. Я такога не бачыў. Перамяшчаўся па перыметру плошчы Незалежнасці і нічога не заўважыў. Там, дзе білі шкло, я не быў", — адказвае Палавінкін.
11.15 Палавінкін расказаў, як яго пабілі. Калі на плошчы Незалежнасці перастала працаваць мабільная сувязь, ён быў вымушаны скарыстацца службовай рацыяй для таго, каб перадаць паведамленні кіраўніцтву. Гэта заўважыў нехта з дэманстрантаў і знянацку нанёс яму ўдар кулаком у твар. "Я прыйшоў у замяшальніцтва", — кажа Палавінкін.
11.07 Пачаўся допыт пацярпелага Андрэя Палавінкіна. Ён служачы ПМСП МІнгарвыканкама, як і астатнія пацярпелыя. Палавінкін адразу заявіў, што абвінавачанага Ліхавіда першы раз у жыцці ўбачыў учора.
Палавінкін быў на Плошчы ў цывільнай вопратцы — выконваў загад камандавання. Ён распавёў цікавы факт — камандаванне адразу накіравала яго на плошчу Незалежнасці — на Кастрычніцкай ён увогуле не быў. Яму загадалі назіраць за дэманстрантамі — што яны нясуць, як сябе паводзяць.
11.05 Перапейка не бачыў на Плошчы фактаў узброенага супраціўлення супрацоўнікам міліцыі, пагромаў, паведамляе "Наша Ніва".
11.00 Адвакатка Д.Ліпкіна спрабуе высветліць у пацярпелага Перапейкі, як доўга ён быў на плошчы Незалежнасці 19 снежня і якімі былі апошнія атрыманыя ім каманды. Спецназавец не адказвае на гэтыя пытанні. Кажа, што меў "вельмі эмацыйны стан". Адвакат таксама запыталася ў пацярпелага, чаму ён не з’явіўся на медэкспертызу. "Я ніякіх пазоваў на рукі не атрымоўваў. Навошта мне самому туды ехаць? Праз тры месяцы на мне ўжо ніякіх слядоў не засталося. Навошта мне туды ехаць?", — адказаў ён.
10.50 Перапейка распавёў пракурору наступнае: "Калі мы рухаліся з боку касцёла св. Сымона і Алены, адзін з дэманстрантаў паставіў мне падножку, а другі штурхнуў у спіну. Я ўпаў. Тады мяне пачалі біць рукамі і нагамі. Адбілі мяне калегі… Мне асабіста пагражалі фізічнай расправай, называлі фашыстам. Пры гэтым дэманстранты выкрыквалі розныя лозунгі, у тым ліку "Жыве Беларусь!".
10.46 Дапытваюць пацярпелага Віталя Перапейку — спецназаўца ПМСП Мінгарвыканкама. Варта заўважыць, што як і ўчора, сакратарка правярае дакументы ва ўсіх пацярпелых. Учора адвакатка М.Ліхавіда Дар’я Ліпкіна настаяла на тым, каб асобы пацярпелых парвяраліся.
10.45 Адвакат Ліпкіна спрабавала высветліць у пацярпелага Масальскага, ці ён бачыў на Плошчы у руках дэманстрантаў зброю — сякеры, штыры. Ён паведаміў, што нічога такога не бачыў. Расказвае толькі аб заўважанім ім агні.
10.38 Мікіта Ліхавід сёння выглядае такім жа бадзёрым, як і ўчора. Ён сеў бліжэй да краю клеткі, каб бачыць прысутных у залі. Спецназаўцаў сёння менш і гэта дазволіла яго маці сесці на некалькі шэрагаў бліжэй да сына. Акрамя маці на паседжанні прысутнічаюць родныя і сябры Мікіты. Яны занялі ўвесь чацьвёрты шэраг — самы блізкі з дазволеных сакратаром.
10.30 Змяншэнне колькасць спецназаўцаў у залі суда вельмі пазітыўна паўплывала на дысцыпліну — стаіць цішыня і выразна чутно кожнае слова. Аднак некаторыя пацярпелыя ўжо задрамалі. Відавочна, што удзел у працэсе для іх не самы прыемны і цікавы занятак.
10.23 Пачынаецца допыт пацярпелага міліцыянта Масальскага. Пацярпелы расказвае: «Я бачыў агонь. Не магу сказаць, што менавіта гарэла, але я бачыў агонь. Калі я на яго глядзеў, мяне выцягнулі з шэрагу. Іх было 3–4 чалавекі. Білі ў шчыт рукамі, нагамі і нечым цяжкім. Я думаю, што гэта была палка".
10.16 Суд пачаўся з допыту пацярпелага супрацоўніка міліцыі Дзьмітрыя Лявіцкака. Ён кажа, што пры зачыстцы плошчы паваліўся ягоны сусед і той ударыў яго ў твар, яшчэ ў яго балеў локаць. Ён не лічыць, што пацярпеў менавіта ад масавых беспарадкаў. Магчыма, гэта следчы яму дапісаў, што яго наўмысна ўдарылі.
Суд над Дашкевічам і Лобавым
Прысуд будзе абвешчаны заўтра, а 11 гадзіне.
19:03 Лобаў у апошнім слове называе гэты працэс «спланаванай правакацыяй улады».
18:58 Судовыя спрэчкі скончыліся. Зараз апошняе слова будзе казаць Зміцер Дашкевіч.
Дашкевіч засяроджвае ўвагу на некалькіх момантах. Найперш тое, што ён з Эдуардам займаецца палітычнай дзейнасцю. Гаворыць, што для яго важным было «дажыць да 19 снежня». Кідацца на двух сексотаў пасля просьбы закурыць было б неразумна.
Дашкевіч згадвае пасобнікаў Бакіева, Кадафі. Кажа, што такі самы лёс будзе чакаць і ўдзельнікаў сённяшняга паседжання.
Гэтым судзілішчам нас не спыніш, кажа Дашкевіч. «Мы толькі больш аддана будзем рэалізоўваць сваю справу».
Дашкевіч перакананы, што «ўсемагутнасць» суддзяў, пракурораў хутка абрынецца. Ягоная прамова была сустрэтая воплескамі.
18:34 Адвакатка Аўсяннікава кажа, што прысуд не можа грунтавацца на сумневах. І яны павінны трактавацца на карысць абвінавачаных. Яна лічыць, што віна Лобава не даказаная і просіць яго апраўдаць.
Аўсяннікава адзначае, што адзін сведкам пачатка бойкі быў Лазар. І Лазар заявіў, што пачынальнікам бойкі былі «пацярпелыя».
Аўсяннікава кажа, што абвінавачаныя проста абаранялі сваё жыццё і здароўе.
18:28 Сямешка адзначае наколькі ўпэўнена, юрыдычна правільна паводзяць сябе «пацярпелыя».
Мар’яна просіць апраўдаць свае падабароннага Дашкевіча.
18:19 Сямешка адзначае шматлікія парушэнні падчас следства. Напрыклад, пратакол выемкі фомкі не адпавядае часу, пазначанаму ў пратаколе. Кажа, што парушэннем была адмова ў правядзенне экспертызы тампона з слядамі крыві. Мар’яна гаворыць, што Каравы і Гарбачова абверглі шматлікія довады абвінавачвання.
Яна настойвае на тым, каб паказанні Малышава і Савіцкага былі прызнаныя несапраўднымі.
18:13 Мар’яна Сямешка кажа, што няма ніякіх доказаў віны Дашкевіча, а таксама Лобава. І суд гэтых доказаў не прадставіў.
18:09 Мазоўка кажа, што довады абвінавачаных аб невінаватасці беспадстаўныя. Разам з тым, было ўстаноўлена, што Дашкевіч ніякіх прадметаў для нанясення ўдараў.
Пракурор патрабуе для Лобава пяць гадоў турмы, для Дашкевіча — тры.
17:54 Пракурор Мазоўка пачынае сваю прамову. Кажа, што ніякага сачэння за Дашкевічам і Лобавым не было. Абвінаваўца згадвае пра фомку, што была ў Лобава. Мазоўка кажа, што паказанні сведкі Каравага часта мяняліся і стабільнасцю не адзначаліся.
17:50 Суддзя Шылько адхіляе хадайніцтва Мар’яны Сямешкі аб часе, каб падрыхтавацца да судовых спрэчак. Сямешка кажа, што ёй трэба хаця б дзень на падрыхтоўку.
Алена Аўсяннікава яе падтрымлівае.
Шылько абвяшчае пачатак судовых спрэчак.
17:46 Хадайніцтва Дашкевіча аб усталяванні ўсіх мабільных тэлефонаў і паводле іх асобаў, што знаходзіліся 18 снежня ў тым квадраце, дзе адбыўся інцыдэнт, адхіленае.
17:43 Суддзя адхіліла хадайніцтва адвакатаў Дашкевіча і Лобава наконт медыцынскай экспертызы. І ўсталявання, чыя кроў была на тампоне.
17:28 Па медыцынскай экспертызе тампона суддзя прыме рашэнне пазней. Цяпер яна выйшла ў дарадчы пакой.
17:25 Суддзя Шылько адхіліла хадайніцтва аб тэлефонных размоваў Гарбачовай у перыяд ад 16:00 да 16:40 18 снежня. Маўляў, Гарбачова не магла хлусіць.
17:16 «Нават калі гэта кроў Лобава, то як гэта паўплывае на абвінавачванне?», — пытаецца суддзя Шылько.
Аўсяннікава кажа, што гэта дасць падставу лічыць, што менавіта «пацярпелыя» напалі на Лобава і Дашкевіча. І разбілі Лобаву губу.
17:10 Пракурор кажа, што падставаў не давяраць сведкам няма. Таму патрэбаў у дадатковых даследаваннях няма. Тое самае датычыць і медыцынскай экспертызы.
17:06 Да матэрыялаў справы далучаныя характарыстыкі на Лобава і Дашкевіча.
17:03 Мар’яна Сямешка падтрымлівае хадайніцтвы Аўсяннікавай аб медыцынскай экспертызе Лобаву.
Таксама Мар’яна Сямешка патрабуе даследаваць, ці былі Савіцкі і Малышаў прыцягнутыя калі-небудзь да крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці.
Таксама яна просіць запатрабаваць уваходзячыя тэлефонныя званкі на нумар 102 увечары 18 снежня.
16:59 Адвакат Алена Аўсяннікава заяўляе, што Лобаву не была зробленая медыцынская экспертыза. Хоць быў марлевы тампон з астаткамі на ім слядоў першай групай крыві. Невядома каму яна належыць. Для гэтага трэба зрабіць медыцынскую экспертызу.
16:58 Скончыўся разгляд матэрыялаў справы.
16:17 Заключэнне медэкспертызы па збіццю Савіцкага было толькі 26 снежня. Тады як інцыдэнт здарыўся 18 снежня.
16:10 Допыт сведкаў скончаны.
Цяпер пачынаецца пісьмовае даследаванне матэрыялаў справы.
15:52 Малышаў пытаецца праз сценку, ці ўсведамляе Лазар, што можа быць прыцягнуты за непраўдзівыя сведчанні.
«Так, як і вы», — не разгубіўся хлопец. Ягоны адказ выклікаў апладысменты.
15:42 У РУУСе Лазар тлумачыў маёру, што невінаваты. Супрацоўнікі міліцыі, што затрымлівалі іх, у гэтым не ўдзельнічалі.
15:40 Паводле Лазара, з ім, Дашкевічам, Лобавым звярталіся ў пастарунку, як з затрыманымі. З Малышавым не рабілі нічога, а вось Савіцкага ён не бачыў увогуле.
15:33 Лазар упэўнены, што Малышаў першым нанёс удар Дашкевічу. Таксама бачыў замах Савіцкага на Лобава.
15:21 Лазар кажа, што вельмі добра запомніў Малышава. Менавіта ён нанёс удар Дашкевічу ў жывот.
Савіцкі адначасова з гэтым напаў на Лобава. Лазара ж нехта балюча ўдарыў па назе. Ён нават не заўважыў хто, бо ўсё было вельмі хутка.
15:06 Выклікаецца на допыт Дзяніс Лазар. Ён быў затрыманы разам з Дашкевічам і Лобавым. Але потым быў адпушчаны.
14:56 Марачкоў расказвае, што ў пастарунку Дашкевіч спрабаваў давесці, што апазіцыянер, што без яго будуць паліць рэзідэнцыю прэзідэнта.
14:54 На абсалютную большасць пытанняў Марачкоў адказвае аднолькава: «Не помню».
14:49 Кажа, што Савіцкі адразу паскардзіўся на стан здароўя. Маўляў, яго ўдарылі ломам. Гаворыць, што пешы патруль і машына прыбылі на месца адначасова.
Паводле Марачкова, Дашкевіч супраціва не аказваў.
14:32 Марачкоў кажа, што пабачыў на месцы здарэння, як два чалавекі змагаюцца. Марачкоў прыбыў разам з камандзірам узводу Мілінцом.
Марачкоў бачыў, як адзін чалавек ляжаў, а другі яго прытрымліваў іншага. Той, які трымаў, сказаў, што затрымаў нападаючага.
14:27 Працэс аднавіўся пасля перапынку.
З’явіўся сведка Віктар Марачкоў. Працуе міліцыянерам у палку спецыяльнага прызначэння.
13:40 У судовым працэсе абвешчаны перапынак да 14:15.
13:04 Кажа, на месца прыбыў, бо па радыёстанцыі пачуў інфармацыю аб бойцы. "Сёння я магу патруляваць у адным месцы, заўтра — у іншым. Стабільнасці няма ніякай", — кажа сведка. Нічым асаблівым паказанні Зянькевіча не адрозніваюцца ад словаў папярэдніх міліцыянераў.
12:58 Пачынаюць дапытваць сведку Ігара Зянькевіча, міліцыянт. Напарнік Тозіка.
12:32 Сведка Тозік кажа, што вінаватых вызначыў не ён, а камандзір узводу.
12:25 Тозік сведчыць, што ў Савіцкага было рассячэнне. Кажа, была кроў. Тозік гаворыць, што не ведаў, хто такія Дашкевіч і Лобаў, чым яны займаліся.
12:16 Тозік кажа, што дзяжурыў у той дзень у Маскоўскім раёне. Быў званок, што адбываецца бойка. Тозік прыйшоў на месца здарэння пешшу. Па прыбыццю ён пабачыў, што некалькі чалавек змагалася. Уласна Тозік затрымліваў Лобава. "Лобаў і Савіцкі качаліся ў снезе", — кажа Тозік. Кажа, што Савіцкаму як буйнаму адзелі на рукі кайданкі. Лобаў вёў сябе спакойна.
12:12 Сведка Віктар Марачкоў на суд не з’явіўся, бо павёз дзіця ў паліклініку. Цяпер дапытваюць Андрэя Тозіка, ПМНС Мінгарвыканкаму.
11:58 Дашкевіч: "Усё, што сказаў Каравы, было абсалютнай праўдай".
11:54 Каравы: "На дадзены момант, лепш бы я прайшоў міма гэтага здарэння і не даваў ніякія паказанні". Святлана Гарбачова пазнаць Каравага не можа.
11:52 Сведка Каравы сцвярджае, што ніякага ўдару манціроўкай не было. А ў пратаколе допыту запісана няправільна.
11:47 Каравы кажа, што ў паказаннях шмат што няправільна запісана. Пратакол свайго допыту ён прачытаў "не зусім чотка".
11.44 Суддзя Алена Шылько дапытвае, чаму Каравы не паведаміў падчас папярэдняга допыту, што чалавек зверху наносіў удары таму, які быў пад ім. "Апытвалі вельмі бегла", — кажа сведка. Яго апыталі толькі праз месяц пасля здарэння.
11.34 Каравы гаворыць, што не ўжываў у той дзень спіртных напояў. Адвакатка Аўсяннікава пытаецца ў Каравага, ці казалі яму: "Ідзі адсюль, мы самі разбяромся". "Ну так, маглі быць такія словы". Крыві на твары ні ў каго прыпомніць не можа. "Калі б была кроў, то заўважыў".
11.11Каравы кажа, што затрыманне адбылося вельмі хутка. "Заламалі рукі за спіну ўсім". Пацвярджае, што ў аднаго чалавека ў руках была манціроўка чырвонага колеру. Чалавек з манціроўкай ішоў ад іншага чалавека, што ляжаў на зямлі. Ён падышоў да людзей, што ляжалі на зямлі. Кажа, што чалавек, які зверху, дастаў тэлефон і спрабаваў некуды пазваніць.
10:55 Каравы таксама лічыць, што бойка адбылася ў нядзелю 19 снежня. Ён вяртаўся з працы дадому, пасля чаго пачуў крыкі: "Дапамажыце!"Пабачыў чалавека, які ляжаў на зямлі, а той, што быў зверху "спрабаваў яго калашмаціць". Верхні наносіў некалькі ўдараў, а той, што быў знізу, спрабаваў адбіцца. "Рабіў усё магчымае, каб яго не білі". Побач знаходзіўся яшчэ адзін чалавек. "Але пры мне ён нікога не біў". Чалавек, што ляжаў на зямлі прасіў выклікаць міліцыю. Калі меркаваць з учорашняга пасяджэння, то гэта быў Дашкевіч.
10.51 Дапытваюць Юрыя Каравага. Працуе аўтаслесарам. Сам з Беразіна, у Мінску жыве на вуліцы Льва Сапегі — гэта побач з вуліцай Брыля. Быў сведкам здарэння.
10.30 Гарбачова лічыць, што інцыдэнт здарыўся ў нядзелю 19 снежня.
10.24 Гарбачова кажа, што ніякіх крыкаў аб дапамозе не было. Металічных прадметаў у руках ні ў каго яна не бачыла. Крыві таксама не бачыла, паведамляе "Наша Ніва".
10.12 Пачаўся допыт сведкаў. Дапытваюць Святлану Гарбачову, 1963 году нараджэння, супрацоўніца міліцыі.
Гарбачова паказала, што 18 снежня ў двары дома 24 па вул Брыля бачыла 6-7 чалавек, якія біліся. Двое ляжалі на зямлі на жываце і іх трымалі яшчэ двое. Яна выклікала міліцыю і сышла.
Крыкаў пра дапамогу і заклікаў выклікаць міліцыю яна не чула. Дакладна апісаць удзельнікаў здарэння, іх вопратку яна не можа. Калі яе выклікалі на першы допыт па гэтай справе, яна таксама не памятае.
10.10 Працэс над Змітром Дашкевічам і Эдуардам Лобавым адноўлены. Пацярпелыя у пакоі за спінай у суддзі Шылько.
10.00 У судзе над Дашкевічам і Лобавым людзей запусцілі ў судовую залю. Акрамя родных, журналістаў і міжнародных назіральнікаў, на паседжанне суда патрапілі чальцы “Маладога фронту”.
10.00 Аднавіўся працэс над Мікітам Ліхавідам. На працэс прыйшло меней міліцыянтаў, чым павінна быць. У залі прысутнічае назіральнік АБСЕ, праваабаронцы Людміла Гразнова і Валянцін Стэфановіч, паведамляе Радыё Свабода.
Справу супраць Мікіты Ліхавіда разглядае суддзя Наталля Пыкіна. Ліхавіда абараняе адвакатка Дар’я Ліпкіна.
Ліхавіду высунулі абвінавачанне ва ўдзеле ў масавых непарадках.
Кіраўнікоў "Маладога фронту" Зьмітра Дашкевіча і Эдуарда Лобава вінавацяць ў злосным хуліганстве. Нібыта яны збілі двух мінакоў у Мінску на вуліцы Янкі Брыля.
Абараняюць Зьмітра Дашкевіча і Эдуарда Лобава адвакаты Мар’яна Сямешка і Алена Аўсяннікава. Справу разглядае суддзя Алена Шылько. Дзяржаўны абвінаваўца – Мазорка.
11.57
Пацярпелыя спецназаўцы задрамалі. У залі суда канчаткова запанавала ціша -- гэта кардынальна адрознівае сённяшняе паседжанне ад учарашняга, калі суддзя тройчы супакойвала міліцыянтаў, якіх вельмі весялілі паказанні сваіх калег.
11.50
Пачынаецца допыт пацярпелага Тарасевіча. Тарасевіч, як і некаторыя іншыя спецназаўцы, расказвае што напачатку яны ахоўвалі рэзідэнцыю Лукашэнкі. Кажа, што пасля пачатку штурма Дому Урада ім паступіла каманда перамясціцца на плошчу Незалежнасці і адцясніць дэманстрантаў ад дзвярэй будынка.
11.45
Суддзя вынесла папярэджанне адвакатцы Д.Ліпкінай. Апошняя спрабавала высветліць, якім чынам спецназ праводзіць рассяканне натоўпу, ці прымяняе пры гэтым фізічную сілу. Пракурор угледзеў у пытанні адваката націск на пацярпелага і прапрасіў суддзю пакараць Д.Ліпкіну папярэджаннем.
11.42
Жызнеўскаму дэманстранты на плошчы Незалежнасці нанеслі «ушыб рэбраў». Аднак пагромаў і зброі ў іх руках ён не пабачыў. Што праўда чуў, як мітынгуючых прасілі разісціся.