Прыватызаваць аднолькавыя кватэры ў сталіцы і райцэнтры каштуе аднолькава

“Кватэры на першым і апошнім паверсе будуць таннейшыя”,Еўрарадыё ў адміністрацыі Заводскага раёна Мінска тлумачаць, як налічваецца сума на прыватызацыю кватэры.

У Мінску прыватызаваць "хрушчоўку" каштуе ад 35 мільёнаў да мільярда рублёў. Як нечакана высвятляе Еўрарадыё, прыватызацыя ў раёнах каштуе… гэтак жа, як і ў сталіцы! То бок паверх мае значэнне, а горад гэта ці вёска — не.

У Светлагорску гавораць, што прыватызацыя старых дамоў каштуе каля 20 мільёнаў, дамоў панавей — болей за 300 мільёнаў рублёў. Гэтак жа, як у сталіцы:

“У залежнасці ад года будоўлі. У нас ёсць дамы 2006 года будоўлі — яны дарагія, болей за 300 мільёнаў, а старой планіроўкі — ад 20 мільёнаў. Дзе 25, дзе 35 мільёнаў”.

Еўрарадыё прыгадваюць пра прыватызацыю кватэры ў доме 1964 года пабудовы ў аграгарадку Хутар. Прыватызацыя абыйшлася гаспадарам прыкладна ў 49 мільёнаў!

У Нараўлянскім раёне кажуць, што названы тэрмін сканчэння прыватызацыі на натоўп жадаючых не ўплывае. Сумы за прыватызацыю тут пачынаюцца ад 15 мільёнаў.

“Ёсць дамы 1960-х гадоў, яны ў межах 50 мільёнаў. У асноўным прыватызацыя мільёнаў пад 100 пацягне. Ёсць новыя дамы — яны пад 200 мільёнаў”, — кажуць Еўрарадыё ў райвыканкаме Нароўлі. Гэта пры тым, што сярэдні заробак у Нароўлі за верасень — 4,2 мільёна рублёў.

Нават статус забруджанай радыяцыяй зоны не ўплывае на агульнанацыянальную забаўку беларусаў — прыватызацыю!

Сям’і з аграгарадка пад Баранавічамі за “дамок” ад прэзідэнта налічылі 152 мільёны.

“Прыходзіла супрацоўніца з БТІ, ацэньвала наш дом. Вельмі дорага ацаніла ацэншчыца. А ў нас сырасць — мы вывесці не можам, у падлозе дошкі гуляюць, плінтусы паадставалі — яны на клей іх мо які паставілі, мы потым самі прыбівалі. Зімой з гарышча мы снег вёдрамі цягалі. Не ведаем, як будзем плаціць, але адно, што супакойвае, — дах над галавой ёсць”, — жыхарка Баранавічаў не ведае, як будзе плаціць за дом, бо яе заробак — 1,7 мільёна, у мужа не нашмат болей. А яшчэ ёсць двое дзяцей.

А вось раённы цэнтр Расоны. Колькасць насельніцтва — каля 6 тысяч, знаходзіцца на мяжы Беларусі. У Расонскім райвыканкаме мне тлумачаць, чаму няма розніцы паміж коштам прыватызацыі кватэры, да прыкладу. у Заводскім раёне сталіцы (237 мільёнаў) і ў Расонах (200   мільёнаў), што ў 200 кіламетрах ад Мінска:

“Такога паняцця, як “прыватызацыя жылля ў Мінску, ці Віцебску, ці Полацку ці Расонах” няма. Мы працуем паводле адзінага закона”.

У Расонах прыводзяць статыстыку: самая танная прыватызацыя на сённяшні дзень — 15 мільёнаў рублёў кватэры ў доме 1959 года, а самая дарагая — у доме 1996 года на вуліцы Машэрава — 200 мільёнаў.

Фішка ў паніжальных каэфіцыентах. Калі гарадская кватэра знаходзіцца на першым паверсе ці не мае балкона — гэта зніжае кошт прыватызацыі. У сельскай мясцовасці такіх умоў проста няма! Затое ёсць цікавае пытанне распрацоўшчыкам такога закону: калі прыватызаваць у Мінску кватэру, можна яе прадаць, пакінуць у спадчыну нашчадкам — а ў Расонах што?

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі