Прызыўніка з пірсінгам чакае дадатковая праверка ў псіхіятра

12 чэрвеня намеснік кіраўніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл генерал-маёр Ігар Глод выказаўся супраць наяўнасці ў навабранцаў пірсінгу. Таму ад ўсіх па прыбыцці ў вайсковую часць будуць патрабаваць пазбавіцца сваіх упрыгожванняў. Па словах вайскоўца, у войску непатрэбныя праблемы са скурнымі захворваннямі. Еўрапейскае радыё вырашыла высветліць, наколькі небяспечны пірсінг для салдацкай скуры. Загадчык скурнага аддзялення скура-венералагічнага дыспансера Мінску Юры Салук не змог узгадаць ніводнага выпадку захворванняў скуры, выкліканага пірсінгам. Між тым, ён не выключае таго, што спецыфічныя ўмовы жыцця салдатаў могуць паспрыяць іх узнікненню.

Юры Салук: “Улічваючы, што ў войску асаблівыя ўмовы: вялікія фізічныя нагрузкі, палігоны, стрэльбішчы, – гэта можа спрыяць узнікненню і другаснай інфекцыі, і запаленчым працэсам”.

Ваенкам ваеннага камісарыята Ленінскага раёна Мінску Ігар Сфяткевіч кажа, што нежаданне бачыць салдат з пірсінгам не з’яўляецца доказам нецярпімасці ваенных да моладзевай субкультуры. Гэта не больш як клопат аб здароўі юнакоў. Што тычыцца скурных захворванняў, ваенкам меркаваць не ўзяўся. Але тое, што лішні метал на целе можа стаць прычынай трагедыі, бачыў на ўласныя вочы.

Ігар Сфяткевіч: “Чапляліся пярсцёнкам за механізмы, агрэгаты — і пальцы адрывала. У нас афіцэры былі, якія так пальцы згубілі. Таму лішняе жалеза на целе, асабліва ў войску, не патрэбна нікому. Асабліва дактары-псіхіятры на гэта дрэнна рэагуюць чамусьці”.

Прычыну такой цікаўнасці псіхіятраў прызыўной камісіі да “пірсінгістаў”-навабранцаў патлумачыла псіхіятр Эсіна Аскандорава.

Эсіна Аскандорава: “Схільнасць да пірсінгу, тэндэнцыі да самапашкоджання, самакалецтва, магчыма, з’яўляюцца адлюстраваннем суіцыдальных схільнасцяў. Маецца на ўвазе забойства альбо самазабойства”.

Толькі калі прызыўнік спадзяецца з дапамогай пірсінгу “адыграць” ролю патэнцыйнага самазабойцы і такім чынам “адкасіць” ад войска, гэта яму наўрад ці ўдасца. Эсіна Аскандорава кажа, што падмануць псіхіятра практычна немачыма. Апроч таго, за няправільны дыягназ псіхіятры нясуць крымінальную адказнасць.

Адзіным, хто цалкам адмовіў сувязь паміж пірсінгам і скурнымі захворваннямі, стаў уладальнік салона татуіроўкі “У лісіцы” Павел Жыгімонт. Хаця і пагадзіўся з тым, што салдату ў войску пірсінг не патрэбны.

Павел Жыгімонт: “Ад пірсінгу скурных захворванняў, калі ўсё зроблена правільна, быць не можа. Ён не можа быць падставай для адмовы служыць альбо прычынай узнікнення нейкай асабліва небяспечнай хваробы”.

І афіцэрам, і навабранцам Павел Жыгімонт раіць “не замарочвацца” наконт пірсінгу. Упрыгожванні можна даставаць падчас нясення службы і ўстаўляць, выходзячы за браму часці ў звальненне.

Павел Жыгімонт: “Пірсінг, калі ён загаіўся, вынуў яго, выйшаў за вароты часці – уставіў. Не бачу тут увогуле ніякіх канфліктаў з вайскоўцамі. Калі гэта не экстрэмальныя высечкі кавалкаў цела з устаўленымі гіганцкімі рэчамі”.

Але такія наўрад ці даедуць да вайсковай часткі. Хутчэй за ўсё ім давядзецца блізка пазнаёміцца з псіхіятрамі з прызыўной камісіі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі