Публічнае каханне ў цэнтры Мінска!

Учора, у Дзень усіх закаханых, гурт “Крамбамбуля” выдаў круты канцэрт! Такі ж круты, як мінская завіруха, што пачалася акурат перад пачаткам шоў. Канцэрт гурта Крамбамбуля сабраў так шмат публікі ў West World Club, што ахоўнікі не вытрымлівалі, дралі спісы гасцей і настойліва прасілі людзей вяртацца дахаты, бо клуб ужо, здаецца, стагнаў ад наведвальнікаў. Лявон Вольскі ў гэты вечар, верагодна, перажыў пэўныя эмоцыі палігамнага мужчыны, бо з’яўляўся на сцэне з актрысамі Святланай Зелянкоўскай і Ганнай Хітрык ("ДетиДетей"), рок-вакалісткамі Русяй (Indiga) і Вольгай Самусiк ("Тарпач", Zygimont Vaza), фолк-спявачкай Машай Яр (Yar). Для больш вострых творчых адчуванняў да канцэрту музыкі запрасілі оперную спявачку Ніну Цішко, беларускі хор “Модус” і спадара Віктара Шалкевіча, які выконваў ролю святога Валянціна, вянчаў закаханых і раздаваў парады. Напрыклад: мяняць жонак – справа дурная. Колькі іх ні мяняў - усё адно! Усе аднолькавыя.

Лічу, што Віктар Шалкевіч памыляўся. Паглядзіце хаця б на рознастайнасць жаночых вобразаў на сцэне. Ну, і ўвогуле на фоткі. Любуйцеся і атрымлівайце асалоду!

























p.s. Мой калега, які не трапіў на канцэрт, застаўся вельмі расчараваны і мае што вам распавесці. Я ж вас абдымаю і жадаю вам светлага настрою.

Пачну з таго, што збіраўся я на канцэрт па запрашэнні музыкаў. І як большасць у гэты святочны дзень быў не адзін, а са сваёю паловай. Я шчыра чакаў гэтага вечара і вельмі здзівіўся, нават парадаваўся, калі ўбачыў, колькі людзей прыйшло на канцэрт беларускіх рокераў. Відаць, ахова West World Club такога натоўпу ніколі не бачыла, бо чарга наведвальнікаў рухалася вельмі марудна. Першыя песні загучалі са спазненнем на 40 хвілінаў, але на вуліцы заставалася яшчэ чалавек 100.

І вось тут пачаліся першыя сапсаваныя настроі. Вядома, адразу ж да касаў пацягнуліся тыя, хто стаяў апошнім. Маўляў, вяртайце грошы за квіткі, мы тут гадзіну стаім, яны ўжо граюць, а мы плацілі за канцэрт, а не за чаргу. Праз хвілінаў 20 гучнай і непрыемнай сваркі з хамамі-ахоўнікамі, такімі ж касірамі і… міліцыяй грошы ўсё ж аддалі, але ўслед маладым людзям глядзелі з такім выглядам: “Мы вас запомнілі, вы сюды больш ніколі не трапіце”. Чаму я стаў сведкам гэтай сітуацыі? Бо тыя журналісты ці сябры музыкаў, якія збіраліся пайсці на канцэрт па запрашэнні, але прыйшлі не ў 17-18 гадзінаў, а ў 19, на яго ўжо не трапілі.

Пратрымалі такіх “запрошаных” на вуліцы амаль да 20:30 і так і не растлумачылі, чаму іх не пускаюць. Няма жадання рабіць нейкія высновы, але нягледзячы на Дзень святога Валянціна і пазіцыянаванне мерапрыемства як святкаванне гэтага дня, атрымалася так, што некалькі закаханых параў атрымаліся па розныя бакі дзвярэй клуба. А ахову нават не кранула дзяўчына, якая плакала каля ўваходу са словамі: “Гэта ж такі дзень… мяне ж запрасілі… як жа так…” Былі і тыя, хто збіраўся набыць квіток, каб трапіць да сваіх закаханых, але квіткоў не было, і яны чакалі канца на вуліцы, каб забраць свае паловы і паехаць куды-небудзь разам. Потым мне расказалі, што не пускалі запрошаных з-за вялікай колькасці людзей у клубе, але наўрад ці гэтыя 20 чалавек, якія засталіся, адыгралі б вялікую ролю ў напаўненні памяшкання.

І вось калі арганізатары мерапрыемства ўсё ж спрабавалі як-небудзь вырашыць гэтую сітуацыю, то адміністрацыі клуба было абыякава. Калі шчыра, то мне няма чаго крыўдаваць, я яшчэ не раз траплю на канцэрт "Крамбамбулі", але мне шкада тых дзяўчат, што паўтары гадзіны чакалі на марозе, калі іх запусцяць, пры гэтым увесь час ахова іх штурхала ў спіну са словамі: "Тут не стойце, ідзіце туды". Вось і ўзнікае пытанне: няўжо нейкая ахова можа вырашаць, з якім настроем сустракаць свята, і няўжо няма людзей, здольных паўплываць на мускулістых хамаў у касцюме, ці яны проста гэтага не жадаюць?

Фота: Юра Маціюн

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі