Пуцёўка ў Егіпет на дваіх можа падаражэць на 100$
Эксперты чакаюць, што людзі пачнуць вандраваць лоўкостамі самастойна, бо з 1 сакавіка турфірмы прымаюць толькі рублі, па рашэнні Нацбанка.
Нацбанк умацоўвае рубель: абмяжоўвае разлікі ў валюце для турфірм, заправак і страхаўшчыкоў з 1 сакавіка. Гэта вынікае з 47-й пастановы банкаўскага рэгулятара. Высвятляем у турфірм, наколькі падаражэюць два тыдні на моры ў Егіпце.
Туры падаражэюць на 3-10%
У “Коле падарожжаў” чакаюць, што Егіпет можа падаражэць на 100$, калі браць пуцёўку на дваіх.
“Усё, што тычыцца авіяпералётаў падаражэе больш. Варта чакаць падаражанне 5-10%, калі тур каштаваў 800 долараў, то можа падняцца да 900, напрыклад, у Егіпет на дваіх”.
Праблема турфірм — каб быў стабільны курс і была магчымасць набыць валюту. Тады рэзкіх скачкоў можна пазбегнуць. Турфірмы будуць ставіць свае курсы: долар – пад 16500, каб не згубіць, падлічваюць у “Коле падарожжаў”.
Найбольш пацерпяць кліенты, а не турфірмы. Грошы турыстаў падлічваюць у кампаніі “Бі-тур”:
“Кліенту трэба ісці ў банк, мяняць грошы, губляць на курсе. Яны ж плацяць не па курсе Нацбанка, а з запасам у 1-2%, пакуль мы набудзем на біржы валюту. Калі больш нічога Нацбанк не прыдумае, асабліва нічога не зменіцца. Даражэй будзе на розніцу курса”.
Падаражанне будзе нязначным, калі больш не будзе скакаць долар, калі ён будзе ў абменніках, а Нацбанк не будзе ўводзіць ніякіх камісій ды абмежаванняў. Такія прагнозы даюць у “Топ-туры”:
“Галоўнае, каб былі празрыстыя правілы гульні на біржы, каб кампаніі маглі набыць валюту, каб не было абмежаванняў”.
Усе турфірмы адназначна адказваюць: большасць расплачвалася за падарожжы доларамі. Выключэнне — перыяд, калі былі перабоі з валютай.
З турфірм — да лоўкостаў
Рост коштаў у турфірмах можа прывесці да адтоку кліентаў. Бо кошты пуцёвак і так выраслі на палову ў рублях з-за росту долара — такі прагноз рэдактара газеты “Турызм і адпачынак” Ліліі Кобзік:
“Людзі будуць глядзець, што можа прапанаваць турфірма, а што можна знайсці самастойна, на браніраванні. Наступствы такога рашэння Нацбанка — адцягванне цікаўнасці да пакетных тураў. Ва ўсім свеце людзі часцей шукаюць сабе квіткі самі. Дробныя турфірмы праз такое рашэнне — пад пагрозай закрыцця”.
Літоўцы і расіяне з запраўкі паедуць у абменнік
На запраўцы "Беларуснафта" на вуліцы Убарэвіча ў Мінску пераводу на рублі не рады. Кліентам давядзецца ездзіць у абменнік. Бо тых, хто запраўляўся за валюту было шмат.
“Гэта і рускія, і літоўцы паедуць у абменнік. Гэта ж нязручна. Такіх хапала, хто за валюту запраўляўся”.
Яшчэ 30 снежня Аляксандр Лукашэнка загадаў Нацбанку “ўмацаваць давер да нацыянальнай валюты ў насельніцтва”. І загадаў “працаваць на аперажэнне”.
Фота: hottour.dp.ua